Гісторыю БНФ у Вярхоўным савеце прадставілі гарадзенцам



Прэзентацыя выдання пра апазіцыю БНФ ў Вярхоўным Савеце 12-га склікання адбылася ў Гародні.

Удзельнікамі сустрэчы былі вядомыя гісторыкі Алесь Смалянчук ды Алесь Радзюк, маладыя гарадзенскія гісторыкі, а таксама прадстаўнікі розных апазіцыйных партыяў Гародні.

Сама манаграфія — гэта 800 старонак, якія змяшчаюць вялікую колькасць дакументаў і фотаздымкаў.

bnf1

Пра кнігу кажа яе аўтар, кандыдат гістарычных навук Аляксандр Кур’яновіч:

— Праца вялася недзе чатыры з паловай гады. Я лічу, што яга ўдалася і, такім чынам, на суд чытача прадстаўлена такое выданне. Там ёсць шэраг дакументаў і асноўныя — гэта стэнаграмы выступаў у Вярхоўным Савеце.

 Вадзім Саранчукоў, старшыня Гарадзенскай арганізацыі партыі БНФ:

— Адразу трэба адзначыць, што БНФ у першую чаргу, ў той перыяд: 88-мы — пачатак 90-х гадоў, фактычна быў адзінай палітычнай сілай, якая змагалася за незалежную Беларусь і ўвогуле дзейнічала ў тых палітычных умовах. Таму, даследаванні таго часу, асабліва даследаванні ў кантэксце дзейнасці менавіта парламенцкай апазіцыі БНФ на сённяшні дзень з’яўляюцца ўнікальнымі.

Акрамя гэтага выдання, прадстаўнікі рэдакцыі “АРХЭ” прадставілі яшчэ некалькі кніг на гістарычную тэму, якія выйшлі сёлета.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня