Глыбоччына запрашае на свята



Чацвёрты па ліку вішнёвы фэст пачаўся ў Глыбокім. Першы дзень фэсту меў назву “Вішнёвая энергія” і быў прысвечаны дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў Глыбоччыны.

Па словах старшыні Глыбоцкага райвыканкама Алега Морхата, толькі ў цесным звязе, разам, дружна яны могуць атрымаць вынік, які іх задаволіць, які праславіць родны край.

– Распачынаюць прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў Глыбоччыны. Яны ўдзельнічаюць у акцыях і кампаніях, займаюцца дабрачыннай дзейнасцю, рэалізуюць выдавецкія праекты, ладзяць творчыя мерапрыемствы і сустрэчы. Справай, словам і ўласным прыкладам яны заклікаюць жыхароў горада і раёна ўносіць як мага больш пазітыву ў кожны наш дзень. Спадзяюся, што сёлетні фестываль будзе ўсім даспадобы.

Вішнёвы фэст у Глыбокім будзе праходзіць з 18 па 23 ліпеня. Наперадзе жыхароў і гасцей горада чакаюць вішнёвая спартакіяда, спаборніцтвы па таўрэслінгу (барацьба на пальцах ног) і армрэслінгу, фотаквэст, паэтычныя і танцавальныя вечарыны. А таксама інвестыцыйны форум, навукова-практычная канферэнцыя па садаводстве, адкрыццё скульптуры “Сям’я”, разнастайныя канцэрты ды іншае.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае

Фота аўтаркі