Год без Віктара Сырыцы



У гадавіну пасля смерці старшыні баранавіцкай суполкі Таварыства беларускай мовы, каардынатара Руху “За свабоду” Віктара Сырыцы сябры і паплечнікі наведалі яго магілу, дзе памаліліся, а паэт Алесь Белы прачытаў свой верш, прысвечаны гадавіне смерці Віктара.

Нашым сябрам мы заўсёды павінны,

Тым, з кім у бой і ў разведку.

Вось і па Вітусю гадавіна,

Помнік і кветкі.

Мы без цябе быццам на раздарожжы –

Сумна, трывожна.

Але павер, як умеем, як зможам,

Справу прадоўжым.

За жалобным сталом падвялі вынікі сваёй супольнай грамадскай працы. На іх думку, было цяжка, але справу Вітуся, як завуць Віктара сябры, працягваюць. Кажа старшыня баранавіцкага Таварыства беларускай мовы Мікалай Падгайскі:

– Анжэла правяла фэст па Яну Чачоту. Я на сябе браў будаўнічыя работы. Праводзілі экскурсіі, краязнаўчыя чытанні. Былі ў музеі.

– Пасадзілі 10 грэцкіх арэхаў, заклалі такую алею. Таварыства беларускай мовы пашыраецца без Вітуся, далучылася яшчэ каля 15 чалавек.

Вырашана надаць сядзібе Таварыства ў Русіно імя Віктара Сырыцы. 18 лістапада адбудзецца вечар памяці Віктара Сырыцы. Ствараецца кніга і фільм успамінаў пра яго.

Беларускае Радыё Рацыя