У Берасці ўшанавалі Алеся Чаркашына



Добраахвотнік з тактычнай групы „Беларусь” прымаў удзел у антытэрарыстычнай аперацыі на Данбасе і стаў першай ахвярай-грамадзянінам Беларусі, што ваююць на баку Кіева.

Апошнія дні жыцця Алесь закахаў у сябе нават валанцёраў, узгадвае ягоная выкладчыца з інстытута ў Херсоне Таццяна Разанцава:

– Яны пазнаёміліся з ім ужо параненым, ён іх усіх уразіў, яны для яго ўсё рабілі. У частцы бачна, што ён карыстаўся папулярнасцю, народ яго любіў. Мы паглядзелі дзе ён жыў, як ён там жыў, вельмі шмат водгукаў было. Незвычайная папулярнасць, незвычайная любоў людзей. Усе стараліся як маглі дапамагаць матэрыяльна, фізічна і маральна падтрымлівалі, проста здзіўляюся.  

Каля 30 чалавек сабралося на ўшанаванне памяці Алеся Чаркашына на могілках у Камяніцы-Жыравецкай. Бацькі, сябры і паплечнікі па грамадскай дзейнасці з розных рэгіёнаў Беларусі выказалі словы і ўсклалі кветкі да помніка загінулага добраахвотніка.

Кажа паплечнік Алеся па Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Дзяніс Садоўскі:

– Жыццё Алеся – гэта жыццё чалавека, які дакладна ведаў, дзе ёсць дабро, а дзе ёсць зло. Не баяўся за сваё жыццё, бо ён ведаў, што ён на баку дабра. Ён як свечка, стараўся сваё дабро, якое ў яго было, гэтая любоў, якая ў яго была, вера ў Бога, якая ў яго была, дарыць іншым. Ён паехаў ва Украіну, каб абараняць гэту краіну, каб абараняць нас. Яго не стала і наша задача зараз, каб той кошт, які ён заплаціў за гэта, самае дарагое, што ёсць у чалавека, каб гэты кошт быў не дарэмны.

Апроч таго быў працягнуты збор сродкаў на тое, каб дарабіць помнік добраахвотніку. Вядома, што ад ранейшага праекта Гэніка Лойкі прыйшлося адмовіцца, а яго новым варыянтам займаліся берасцейцы. Засталося дадаць толькі некалькі дэталяў, паведаміў брат Чаркашына Ігар:

– Па-першае, я ўдзячны ўсім, хто прымаў удзел, хто дапамагаў маральна, фінансава, я ўдзячны тым, хто рабіў гэты помнік.

Сябра Алеся Чаркашына Андрусь Любянчук:

– Можа быць зараз няма такога рэзанансу, не так шмат людзей ведаюць пра яго, але я ўпэўнены, што прыйдуць тыя часы, калі людзі будуць прыходзіць сюды кожны дзень, будуць несці кветкі, будуць узгадваць Алеся.

Мерапрыемства цягнулася каля гадзіны і на ім не было заўважана прадстаўнікоў сілавых структур ці людзей у цывільным. Ужо 27 верасня ў дзень народзінаў Алеся Чаркашына з’явіцца помнік у канчатковым яго выглядзе.

Фота Хлябца Максіма, Беларускае Радыё Рацыя