Гомельскага журналіста-фрылансера выклікаюць у суд



Гомельскага журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага зноў выклікаюць у суд. На яго складзены адміністрацыйны пратакол за «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ» – фактычна за працу без акрэдытацыі.  Паводле Жукоўскага, у краіне распачатая новая хваля ціску на журналістаў-фрылансераў:

– Пачалі зноў пераследаваць за працу без акрэдытацыі. Хоць я не адмаўляю, я – журналіст-фрылансер, працую і дасылаю матэрыялы ў “Белсат” у тым ліку. І ў мяне афіцыйнай дамовы з “Белсатам” няма. Па законе я  маю рацыю, як і ўсе, хто працуе як журналісты-фрылансеры. І мы гэтага не хаваем. Гэта проста ціск і пераслед, спроба зачыніць рот СМІ.

Папярэдні раз Кастусь Жукоўскі быў пакараны за незаконны распаўсюд СМІ  судом Светлагорскага раёна 10 красавіка. Разам з Жукоўскім штраф у 460 рублёў атрымаў гомельскі актывіст Андрэй Толчын. Кастусь Жукоўскі называе такія дзеянні ўладаў спробай перашкодзіць яму ў канстытуцыйным праве на збор і распаўсюд інфармацыі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота БАЖ