„Гомельскі мясакамбінат” судзіцца з незалежным сайтам „Моцныя навіны”



Прадстаўнікі мясакамбіната лічаць, што журналісты нанеслі шкоду дзелавой рэпутацыі прадпрыемства, размясціўшы матэрыял пра няякасную каўбасу.

У артыкуле пад назвай «Пад’есці і жывёлку пагладзіць», датаваным 17 ліпеня 2016 года, размяшчаўся фотаздымак з імавернай прадукцыяй камбіната, у якой утрымлівалася поўсць невядомай жывёлы. Гэты фотаздымак даслаў у паблік партала «Моцныя навіны» адзін з пакупнікоў прадукцыі «Мясакамбіната». Заснавальнік сайта «Моцныя навіны» Пятро Кузняцоў перакананы ў адсутнасці прававых падставаў для пераследу журналістаў.

— Закон патрабуе, каб мясакамбінат прадстаўляў доказы таго, што ягоная дзелавая рэпутацыя пацярпела. Юрыдычны прадстаўнік „Гомельскага мясакамбіната” нават у суд прыходзіць без такіх доказаў і кажа, што нічога даказваць не абавязаны. Пленум Вышэйшага гаспадарчага суда наўпрост кажа, што ён абавязаны гэта даказваць. Я лічу, што справу мы выйграем, безумоўна, калі ў гэтым працэсе суд будзе прытрымлівацца права і закона. А калі ёсць нейкая палітычная замова, то мы праўды тут не адшукаем.

У выніку першага пасяджэння па справе «Гомельскага мясакамбіната» супраць сайта «Моцныя навіны» суддзя не агучыў вердыкт. Суд адклаў разгляд справы дзеля прыцягнення да ўдзелу ў працэсе аўтара нашумелага фотаздымка. Наступнае пасяджэнне адбудзецца 26 кастрычніка ў Эканамічным судзе Гомельскай вобласці.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель