Гомельскія „хімікі” не маюць працы



Асуджаныя Гомельскай папраўчай установы адкрытага тыпу №17 па некалькі месяцаў не маюць працы. Адміністрацыя „хіміі” тлумачыць праблемы з працаўладкаваннем вязняў гаспадарчым крызісам. Пазбаўленыя працы і харчавання зняволеныя выжываюць выключна дзякуючы падтрымцы сваякоў.

Уладзімір трапіў на „хімію” з-за нявыплаты аліментаў:

– Я абавязаны працаваць па накіраванні адміністрацыі ўстановы. Адміністрацыя ўстановы не магла мяне ўладкаваць на працягу чатырох месяцаў. Пасля трох месяцаў мне надакучыла сядзець і я стаў скардзіцца ў пракуратуру, пасля гэта мяне ўладкавалі сюды – у Папраўчую калонію №4 у якасці рабочага. Уладкавалі на палову стаўкі – мільён заробак, і з гэтага мільёна ў мяне 70% запазычанасць – іск. Застаецца на рукі 300 тысяч – 150 трэба патраціць на праезд, а яшчэ 150 я вінен за інтэрнат. Такім чынам мне на жыццё грошай не застаецца.

У Беларусі налічваецца 54 папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу, куды трапляюць людзі за няцяжкія злачынствы. Асноўная колькасць сядзельцаў – гэта наркаманы, удзельнікі дарожна-транспартных здарэнняў і ўхіленцы ад выплаты аліментаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель