Гомельцы бароняць Веткаўскі музей



Гомельцы стварылі анлайн-петыцыю, каб абараніць філіял Веткаўскага музея.

У электронным звароце да абласных уладаў гаворыцца пра тое, што перанос музея з Гомеля ў Ветку прывядзе да фактычнай ліквідацыі ўстановы.

Загадчык гомельскай філіі Веткаўскага музея Пятро Цалка падкрэслівае, што ў апошнія гады музей пераўтварыўся ў важны аб’ект для горада і гараджан, стаў фактычна цэнтрам культурнага жыцця Гомеля:

– Філія стала культурным цэнтрам свайго роду. Тут праводзяцца майстар-класы кожны тыдзень: і па ткацтву, і па танцах, і па спеву. Праводзяцца шматлікія абрадавыя мерапрыемствы – ужо два рэгіянальных фестывалі прайшлі. Гэта вось тая супольнасць, якая збліжае людзей з традыцыйнай культурай, бо мерапрыемствы робяцца не для галачкі.  

За некалькі гадзін ад моманту збора подпісаў на платформе zvarot.by у падтрымку Гомелькай філіі Веткаўскага музея выказаліся больш за 500 чалавек. Ініцыятары анлайн-петыцыі намераныя атрымаць ад уладаў афіцыйныя дакументы адносна лёсу музея.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель