Гомельцы пасварыліся з-за IVANa



Гомельцы пасварыліся з-за пераможцы адборачнага конкурса на „Еўрабачанне”.

IVAN

Вынікі нацыянальнага адборачнага конкурса на „Еўрабачанне” выклікалі скандал у Беларусі. Пераможцам тура стаўся гамяльчук Аляксандр Іваноў, якога прадусуе расейскі прамоўтар Віктар Дробыш. Сумленнасць перамогі гэтага прэтэндэнта паставіў пад сумнеў прадзюсар малавядомага музычнага праекта „Наполі”, які распавёў СМІ пра тэхналогіі накруткі галасоў. А прыхільнікі адзіных беларускамоўных прэтэндэнтаў гурта „NAVI” ўвогуле абвінавацілі гомельскага выканаўцу ў прарасейскасці. У сацыяльных сетках з гэтай нагоды закіпелі нежартоўныя жарсці.

Спявак і бард Вячаслаў Клімовіч лічыць напады на Аляксандра Іванова неабгрунтаванымі. Гомельскі выканаўца лічыць, што трэба падтрымліваць сваіх музыкаў, якія дабіваюцца чагосьці на міжнароднай арэне.

Вячаслаў Клімовіч:

– Саша – наш чалавек. І па сутнасці, і па таленце. Я добра ведаю ягоную сям’ю. Ягоны бацька – Віктар Іваноў – выдатны гітарыст, якога ведаюць у нашым горадзе. І Сашка – ягоны сын. Пачынаюцца нейкія размовы пра непатрыятычнасць, бо ён выступае пад „крылом” расейскага прамоўтара. Але мне падаецца, што гэта нармалёва, бо ў нас сваіх няма. Калі б у нас быў шоў-бізнес, калі б былі беларускія прадусары, але іх няма… Чалавеку пашанцавала. І гэта добра, што нашаму хлопцу пашанцавала.

Многія інтэрнаўты абвінавацілі выканаўцу Аляксандра Іванова ў несумленным спаборніцтве, а таксама ў тым, што ён на сваім афіцыйным акаўнце паабяцаў прадстаўляць няісную краіну „Белоруссію”. Блогер Андрэй Стрыжак закідае Аляксандру Іванову тое, што ён прадстаўляе не беларускую культуру, а „Рускі мір”.

Андрэй Стрыжак:

– Гэта насамрэч не наш хлопец. Нягледзячы на тое, што ён гомелец, што паходзіць з добрай рокерскай сям’і. Ён чалавек абсалютна «Рускага міра», які прасоўваецца рускім прадусарам Віктарам Дробышам. Калі мне хтосьці скажа, што ў нас маленькі рынак і тут немагчыма развіцца. Ну, добра. У Грузіі рынак вялікі? Не думаю. Але Ніно Катамадзэ ведаюць па ўсім свеце.

Гомельскі бард Вячаслаў Клімовіч заўважае, што з усіх дзесяці канкурсантаў, якія ўдзельнічалі на адборачным конкурсе на „Еўрабачанне”, толькі адзін гурт „NAVI” прадстаўляў беларускую культуру як нацыянальную з’яву:

– Мне спадабаліся „NAVI”. – Кажа Вячаслаў Клімовіч. – Але, мабыць, фармат „Еўрабачання” – даволі міжнародны. Не кожная краіна прадстаўляе нейкі прадукт з выразнымі нацыянальнымі прыкметамі. Музыка – разуменне міжнароднае.

Блогер Андрэй Стрыжак мяркуе, што трэба развіваць сваё:

– Калі мы гомельцы, калі ў нас нейкі гомельскі культурны кантэкст, то яго трэба і развіваць. Не трэба ехаць у Расею і там даказваць, што ты добры і таксама варты чагосьці. Бо ты там усё роўна не будзеш успрымацца як гомелец. І гэта не будзе спрыяць развіццю рэгіянальнай культуры і беларускай культуры ў цэлым.

Сёлета міжнародны конкурс „Еўрабачанне” пройдзе ў сталіцы Швецыі. Фінал шоў адбудзецца 14 траўня.

Мікола Бянько, Беларускае Радыё Рацыя