Гомельцы – за вяртанне вуліцы Кірава ранейшага аблічча



У Гомелі пачынаецца збор подпісаў за вяртанне ранейшага выгляду рэканструяванай вуліцы Кірава. Актывісты збіраюцца сабраць адну тысячу подпісаў. Гараджане выказваюць незадаволенасць пагаршэннем экалагічнай сітуацыі, а таксама з’яўленнем дадатковых перашкодаў для руху пешаходаў. У аднаго з актывістаў грамадзянскай кампаніі Аляксандра Шарыпава накапіліся прэтэнзіі да ініцыятараў рэканструкцыі, бо ён сам пражывае на вуліцы Кірава:

– Я якраз жыву на перакрыжаванні Кірава і Першамайскай. Вуліцу Першамайскую да праспекта Леніна я не наведваю з 11 кастрычніка, як толькі зрабілі гэты рамонт, бо там немагчыма прайсці. Улады мусяць прызнаць, што праект дадзенай рэканструкцыі зроблены з парушэннем дзейсных тэхнічных нарматыўна-прававых актаў і прывесці гэтую вуліцу ў належны стан: прыбраць кальцавыя развязкі і перанесці пешаходныя пераходы на іх ранейшыя месцы.

Маштабная рэканструкцыя гомельскай вуліцы Кірава абыйшлася гораду амаль у 30 мільярдаў беларускіх рублёў. Рамонт суправаджаўся пашырэннем праезнай часткі, высечкай дрэваў, усталяваннем агароджаў уздоўж дарогі і ліквідацыяй пешаходных пераходаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота gomeltoday.by