Грошы і “Мова нанова” ў Берасці



40 чалавек наведалі чарговыя заняткі курсаў беларускай мовы, дзе тэмай сустрэчы былі грошы. Перад наведвальнікамі выступіў нумізмат Войслаў Люты. Ён спецыялізуецца на калекцыянаванні манетаў, звязаных менавіта з тэрыторыяй Беларусі і, у прыватнасці, з горадам над Бугам:

– Берасце для Беларусі – горад знакавы. Гэта адзіны беларускі горад, які меў свой манетны двор, дзе вырабляліся барацінкі. Нягледзячы на тое, што іх было адбіта ля 250 мільёнаў, тым не менш, яны даволі рэдкія і, у прынцыпе, цікавыя для людзей.

Апроч аматараў вывучэння беларускай мовы, на гэтыя заняткі прыйшлі і калекцыянеры. Сярод наведвальнікаў прайшоў конкурс на лепшае пытанне датычна грошай, а ў якасці падарункаў пераможцы атрымалі сувенірныя барацінкі з “Пагоняй”, якія калісьці друкавалі на Берасцейскім манетным двары.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота аўтара