“Hrodna Media Weekend” (абноўлена)



„Hrodna Media Weekend” cабраў паўсотні журналістаў з усёй Беларусі. Журналісты прадстаўлялі як мясцовыя медыя з Гародні, так і выданні Віцебска, Гомеля, Менска, а таксама малыя СМІ ў рэгіёнах.

Сваімі ўражаннямі пра сустрэчу дзеліцца Антон Кашлікаў – рэдактар 34mag.net:

– “Hrodna Media Weekend” – гэта вельмі выдатная рэч. Мы ўсе крыху самі па сабе: мая хата з краю. Такая магчымасць сабрацца разам на 1-2 дні, пагаварыць, паабмеркаваць – гэта супер. Увогуле, тое, што робіць “Трэці сектар”, – гэта важная гісторыя для медыясупольнасці.

Пётр Кузняцоў – заснавальнік гомельскага партала навінаў “Моцныя навіны”.

Зараз у Беларусі пачынаецца працэс інтэнсіўнага развіцця рэгіянальных, лакальных медыя. Гэта вельмі добра бачна, што яны з’яўляюцца то тут, то там, недзе атрымліваюць большае развіццё, недзе – меншае. Працэс пайшоў, але ўсё роўна гэтая ніша амаль пустая. І такія сустрэчы даюць агульнае ўяўленне пра стан спраў у гэтай сферы.

Мерапрыемства “Hrodna Media Weekend” адбываецца ў Гародні і сабрала шматлікіх журналістаў і блогераў. Майстар-класы і лекцыі чытаюць вядомыя эксперты,  сярод якіх Паўлюк Быкоўскі, Рыгор Астапеня, Сяргей Сахараў і Зміцер Сурнін.

Пра мерапрыемства распавядае яго арганізатар,  старшыня праўлення “Цэнтра “Трэці Сектар” Вітаўт Руднік:

– Такія мерапрыемствы патрэбны ў першую чаргу, каб людзі маглі сустрэцца. У наш час гэта таксама вялікая каштоўнасць сустрэцца і паразмаўляць пра свае поспехі, праблемы, планы і ідэі, пра магчымасці развіцця медыяпраектаў у сённяшняй, не самай простай сітуацыі. Вядома, віртуальна такія рэчы таксама можна абмяркоўваць, але нішто не заменіць каштоўнасць чалавечых сустрэч. Менавіта таму мы прыдумалі такі фармат, што людзі прыедуць сюды на 2 дні, сустрэнуцца перадусім паміж сабой, а заадно паслухаюць цікавую інфармацыю ад экспертаў, якіх мы запрасілі.

За два дні журналісцкага форуму гарадзенцаў і журналістаў з іншых кропак Беларусі чакаюць дыскусіі пра будучыню медыясупольнасці. Журналісты таксама гутараць і пра пра тое, як будуць выглядаць рэгіянальныя СМІ ў 2020 годзе і якім чынам зарабіць грошы на медыяпраекты.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня