Ігар Аліневіч: Беларускія рублі ў зоне не ходзяць, ходзяць долары



Турэмныя дзённікі анархіста Ігара Аліневіча пабачылі свет яшчэ тады, калі сам аўтар быў ад гэтага свету адгароджаны кратамі Наваполацкай калоніі. Цяпер кнігу «Еду ў Магадан» пераклалі на польскую мову, а сам былы палітвязень на сустрэчы ў Варшаве распавёў падрабязнасці таго, як рукапіс трапіў па-за сцены калоніі.

Пра сваю кнігу

Кнігу перадаў праз свайго сябра, з якім пазнаёміўся ў турме. Праз дзевяць месяцаў выношвалі планы, як гэта будзе. Мы сустракаліся на паўгадзіны кожны тыдзень, калі ў турме быў кінапаказ. Звычайна ўсе арыштанты сыходзяць глядзець, і можна было не баяцца, што побач будзе ахова, і мы зможам паразмаўляць у апошнія дні перад яго вызваленнем. Я перадаў яму рукапісы, і яны дайшлі да маёй матулі. Яна яе прачытала набрала ў электронным выглядзе і звязалася з маймі паплечнікамі, якія апублікавалі яе на анархісцкіх рэсурсах. На жаль, мацярынскае сэрца пачула пагрозу для мяне ў некаторых главах, якія не былі апублікаваныя. Але цяпер я думаю мы выправім сітуацыю.

Пра беларускі рэпрэсіўны апарат

Наш рэпрэсіўны апарат можа існаваць толькі ў рэжыме рэпрэсій на грамадства. Без рэпрэсій ён не апраўдвае сябе. Ім трэба даваць вынік. Працоўныя на заводах робяць дэталі, настаўнікі ў школах адпрацоўваюць часы і вучыць дзяцей, а прадукт карнікаў – гэта колькасць паламаных лёсаў.

Пра правакацыі ў папраўчай калоніі

Ужываюць такую методыку, як сістэматычныя неабгрунтаваныя вобшукі. Гэта вялікі стрэс. Шмат часу сыходзіць на тое, каб прывесці ўсё ў парадак. Тым больш падчас вобшуку могуць нешта падкінуць. Мне падкінулі ладаванку і беларускія рублі. Усе турэмшчыкі з гэтага смяяліся, таму што кожны ведае, што беларускія рублі ў зоне не ходзяць. Ходзяць долары. Вельмі няўмелая правакацыя.

Пра ўвагу з боку праваахоўнікаў

Улада больш баіцца радыкальнай моладзі, таму што яны не ідуць на кампрамісы і могуць падняць хвалю пратэстаў. З апазіцыяй ім змагацца прасцей, таму што там шмат агентаў і ўлада падыгрывае тым, хто займае ўмераную пазіцыю.

Пра далейшыя рэпрэсіі

Сітуацыя будзе пагаршацца. Справа графіцістаў паказала, што для вялікіх тэрмінаў ужо хапае банальных рэчаў, як графіці. Раней гэта кваліфікавалі толькі пад адміністрацыйную справу.

Стаўленне да выбараў

Выбары ў Беларусі – прафанацыя. Мне не зразумела жаданне апазіцыі іх неяк выкарыстаць і ўдзельнічаць. Няўдзел у іх найбольш нагляднае волевыяўленне чалавека.

Размаўляла Ганна Любакова, belsat.eu