Ігар Грышанаў: Стаялі плячо да пляча…



У Воршы грамадскасць не можа змірыцца з раптоўнай смерцю Алеся Шутава, які памёр ў бальніцы на Заходняй раніцай 5-га кастрычніка.

pppp-444

26 красавіка 2016 года, удзельнікі блакады чыгункі ў Воршы, злева направа: Алесь Шутаў, Васіль Леўчанкаў, Ігар Грышанаў, Галіна Сініцына, Андрэй Шляпнікаў, Віктар Андрэеў, Алесь Кажамяка.  

Пра Алеся Шутава згадвае  Ігар Грышанаў, актывіст кампаніі “Гавары праўду”:

–   Далёкі 1991 год, красавік, масавыя выступы працоўных і грамадзянаў Воршы, абураных дзеяннямі ўладаў. Начныя паседжанні страйкаму, гарачыя спрэчкі… Менавіта тады я ўпершыню пазнаёміўся з Алесем Шутавым. Смелыя выступы Алеся Шутава і яго прагрэсіўныя погляды вельмі ўразілі мяне, пакінулі ў душы глыбокі след. Наступная сустрэча адбылася ў жніўні 1991 года на мітынгу на галоўнай плошчы горада, калі людзі пратэставалі супраць путчу ГКЧП. Ужо, як старыя знаёмыя, мы стаялі плячо да пляча і выступалі перад абуранымі грамадзянам і асуджалі пераварот, яшчэ не ведаючы, чым ён скончыцца. У 1991 годзе я не мог уявіць што ў 2013 годзе буду вылучацца ў мясцовыя саветы, і Алесь будзе кіраўніком штабу. Дзеянні штаба і ўсёй каманды былі выдатная, але ў апошні момант знайшлі прычыны і не зарэгістравалі мяне ў якасці кандыдата. І зноў выбары ў 2016 годзе, на гэты раз у Палату прадстаўнікоў. Каманда з 46 чалавек. Алесь Шутаў зноў кіраўнік штаба, каардынатар дзеянняў каманды. Было сабрана 1700 подпісаў, і цяжка нават было паверыць, што столькі людзей вераць у мяне і падтрымліваюць. Алесь Шутаў, калі было асабліва цяжка, падтрымліваў і натхняў на дзейнасць. А сітуацыі падчас выбараў былі вельмі складаныя, улады супрацьстаялі дзеянням каманды. Быў выпадак, калі я прыносіў Алесю свярло на 7 мм., якое выцягнуў з кола сваёй машыны. Быў ціск на людзей, які паставілі подпісы за мяне. Былі іншыя правакацыі з боку ўладаў, якія не скончыліся і працягаюцца па гэты час. У кастрычніку 2016 года Алесь Шутаў з дыягназам “пнеўманія”, пасля трох дзён у бальніцы памёр ад “трамбоза ніжніх канечнасцяў”. Што гэта за ўстанова, дзе чалавек праз 20 хвілінаў пасля снядання памірае. Можа быць яна называецца бальніцай…. Хто адкажа, з каго спытаць цяпер за смерць блізкага чалавека?

14-га кастрычніка – 9 дзён з дня смерці грамадскага дзеяча Алеся Шутава.

Беларускае Радыё Рацыя