Ператрус на офісе дэмсілаў у Воршы



Кіраўнік офіса дэмакратычных сілаў Воршы, які напярэдадні ўзялі ў аблогу супрацоўнікі міліцыі і Следчага камітэта на падставе пошуку фальшывых купюраў, лічыць, што непрыемны візіт звязаны з акцыяй пратэсту супраць Дэкрэта №3, якая адбудзецца ў Воршы 12-га сакавіка. Ігар Казмярчак адзначае, што гэта не перашкодзіць працы незалежнага сайта Orsha.eu і грамадскіх арганізацый горада, якія збіраюцца на офісе. Наадварот, ператрусы і затрыманні дадаюць грамадству напружанасці, яны не здолеюць перашкодзіць людзям выйсці на вуліцы, тым больш у пратэстах супраць дэкрэта на дармаедаў найвялікшую ролю адыгрываюць не апазіцыйныя актывісты, а самаарганізацыя беларусаў, кажа Ігар Казмярчак.

– Я думаю, што гэта “замова” КДБ менавіта перад 12 сакавіка, калі мае адбыцца пратэст недармаедаў. Таму ў нас забралі тэхніку: 4 прынтары, 3 сістэмныя блокі для камп’ютараў, адзін ноўтбук, шэсць слоікаў для запраўкі картрыджаў. Засталіся маніторы, калонкі і іншая дробязь, на якой працаваць немагчыма. Нам сказалі, што гэта толькі на месяц забіраецца. Паглядзім, ці так гэта.

Ператрус на офісе дэмакратычных сілаў у Воршы доўжыўся больш за тры гадзіны.

Марш недармаедаў пройдзе ў Воршы 12-га сакавіка і пачнецца а 13:00 на Цэнтральнай плошчы. Гэта будзе першая масавая акцыя пратэсту ў горадзе за многія гады.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Ворша

Фота аўтара