Ігар Мельнікаў: Вярнуць з нябыту беларускіх герояў



Беларусы ў складзе Польскага войска на Захадзе вызвалялі Італію і Галяндыю ад нацыстаў. У Варшаве прэзентавалі кнігу беларускага гісторыка Ігара Мельнікава “Забытыя героі. Жаўнеры з Беларусі ў Другім польскім корпусе і Першай польскай асобнай паветрана-дэсантнай брыгадзе”.

У ёй аўтар даводзіць, што падчас ІІ Сусветнай вайны беларусы змагаліся не толькі ў Савецкім войску. Гісторык сцвярджае, што гераізмам гэтых людзей варта ганарыцца, бо яны паклалі сваё жыццё і здароўе на алтар перамогі над нацызмам.

У каментары для нашага радыё Ігар Мельнікаў распавёў пра малавядомыя старонкі айчыннай гісторыі, якая дзесяцігоддзямі знаходзілася ў забыцці:

-Варта казаць, што з першага дня ІІ Сусветнай Вайны ў шэрагах Войска Польскага змагалася 70 тысячаў беларусаў. Калі мы кажам пра армію Андэрса, пра Войска Польскае на тэрыторыі СССР, то па розных падліках было там да 5-7 тысячаў беларусаў, некаторыя кажуць, што 100 тысячаў. Я насамрэч лічу, што гутарка ідзе пра 5 тысячаў беларусаў ці праваслаўных жаўнераў. Зноў такі, гэта маглі быць ураджэнцы Беларусі. Няважна, яны былі беларусамі ці палякамі, габрэямі, рускімі, яны таксама маюць дачыненне да нас.

Невялікая колькасць іх удзельнічала ў баявых дзеяннях не толькі ў складзе Другога Польскага Корпуса, але таксама, гэта важна падкрэсліць, падчас бітвы за Брытанію, падчас вызвалення Галандыі ў аперацыі “Маркет-Гардэн”, былі на іншых тэатрах вайсковых дзеянняў, на тым жа Блізкім Усходзе. Пра гэта ў Беларусі мала кажуць, а варта казаць – магілы раскінуты паўсюль. І калі мы ведаем могілкі пад Монтэ-Касіна, то варта памятаць, што і ў Галандыі на Остэрбэку, і на іншых могілках таксама пахаваны беларусы.

РР: Вось на могілках на Монтэ-Касіна ёсць розныя нацыянальныя секцыі, ёсць, вядома, польская секцыя. Як шмат там ураджэнцаў Беларусі?

Ігар Мельнікаў: Па могілках на Монтэ-Касіна можна вывучаць геаграфію Беларусі: там ёсць і Маладэчна, і Наваградак, і Горадня, і Берасце. Там больш за 200 беларусаў пахавана, ці ўраджэнцаў Беларусі. Вядома, яны лічыліся польскімі жаўнерамі, але гэта не значыць, што яны былі толькі палякамі. Гэта варта памятаць, тым больш, што нават прэзідэнт Беларусі Лукашэнка бадай што ў 2005 годзе сказаў, што жаўнеры з-пад Монтэ-Касіна – гэта вялікія героі для Беларусі, і варта іх памятаць – не толькі савецкіх жаўнераў, але і жаўнераў з-пад Монтэ-Касіна.

РР: Як і савецкіх жаўнераў… А ў той жа час, што было з беларусамі, якія вярнуліся ў Савецкі Саюз, у Беларусь? Які быў іх лёс?

Ігар Мельнікаў: Тады пры савецкай уладзе гэта была трагедыя. Людзі вярнуліся ў 1947-1949 гадах, але ўвесну 1951 іх дэпартавалі з Беларусі – яны паехалі ў Іркуцкую вобласць. Для савецкай улады гэта былі ўсё ж замежныя жаўнеры буржуазнай арміі, не вельмі паважна да іх ставіліся, рэквізавалі іх узнагароды, дакументы. І гэта была першая частка трагедыі. Далей, ужо пасля вайны, пасля вяртання на тэрыторыю Беларусі, яны не атрымлівалі ніякіх ільготаў, яны атрымлівалі вайсковыя білеты, дзе было пазначана “В Великой Отечественной Войне не участвовал”. Яны сапраўды не ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай Вайне, яны ўдзельнічалі ў ІІ Сусветнай вайне, але ў Савецкім Саюзе гэтай катэгорыі не было. Фактычнае прызнанне заслугаў гэтых людзей наступіла толькі ў 90-ыя гады.

РР: Пазбаўленне льготаў, высылка ў Іркуцкую вобласць – у далёкую Расею. Але ці гэта быў верх рэпрэсіяў? Ці былі горшыя рэчы – расстрэлы, скіраванне ў лагеры?

Ігар Мельнікаў: Некаторыя жаўнеры трапілі ў турмы. Іх абвінавачвалі ў супрацы з замежнай выведкай. Дзякуй Богу, нікога не расстралялі, але трагедыя працягвалася, таму што гэтыя людзі, прайшоўшы вайну, а гэта тычыцца і шматлікіх савецкіх жаўнераў, якія пасля вайны за нязручна сказаныя словы, як кажуць, паехалі ў ГУЛАГ, гэтак і андэрсаўцы, і дэсантнікі Сасабоўскага, якія паехалі ў Іркуцк, былі ўсяго пазбаўлены. Пазней, вяртаючыся ў Беларусь, вымушаны былі ад нова будаваць сваё жыццё.

РР: А калі яны змаглі вярнуцца? У 50-ых гадах?

Ігар Мельнікаў: Яны вярталіся, пачынаючы з 1953 года. Можна казаць, з сярэдзіны да канца 50-ых гадоў. Некаторыя з іх ехалі ў Польшчу, але большасць вярталася ў БССР і там дажывалі свае дні.

РР: Ці вядома, чым яны займаліся ў БССР? Як складвалася жыццё гэтых ветэранаў, ці гэта даследавана?

Ігар Мельнікаў: У маёй кнізе “Забытыя героі” распавядаецца пра тое, як складваўся лёс людзей ужо пасля вяртання. Нехта спрабаваў знайсці сваё месца, нехта добра ўладкоўваўся, некаторых жыццё было больш цяжкае. Але самае галоўнае, што да апошняга моманту яны проста не лічыліся ветэранамі. Савецкіх ветэранаў запрашалі ў школы, запрашалі на злёты піянераў. А гэтых ветэранаў забылі. Іх памяталі ў Польшчы, у Вялікабрытаніі. У 80-ыя і 90-ыя гады яны нават атрымлівалі нейкія даплаты ад польскага і брытанскага ўрадаў, а вось ад беларускага ці савецкага яны не атрымлівалі нічога. І толькі ў 1995 годзе прэзідэнт Лукашэнка ўпершыню даў ім медаль “50 гадоў перамогі ў Вялікай Айчыннай Вайне”. Ён даў усім ветэранам, якія ўдзельнічалі ў ВАВ, але ў тым ліку і ветэранам Войска Польскага на Захадзе.

РР: Ці ўдалося Вам знайсці інфармацыю пра жаўнераў-беларусаў з Падляшша? Вядома, калі мы гаворым пра ІІ Рэч Паспалітую, то досыць складана вызначыць, хто быў беларусам альбо не, але вядома, што ў арміі Андэрса былі праваслаўныя святары. Ці ёсць нейкая інфармацыя?

Ігар Мельнікаў: Безумоўна, у кнізе “Забытыя героі” ўзгадваюцца жаўнеры з Беласточчыны, і з Горадзеншчыны, Берасцейшчыны. Там ёсць і праваслаўныя, і каталікі – і не кожны каталік быў палякам. Я не звяртаю ўвагі на веравызнанне, галоўнае – гэта лёс людзей. Я не заўсёды аперырую паняццем “нацыянальнасць”, паляк ці беларус. Справа ў тым, што для польскага вайсковага камандавання паняцце “нацыянальнасць” азначала грамадзянства. І дарэчы, польскасць як грамадзянства ратавала жыццё беларусам, таму што яны вымушаны былі запісвацца падчас мабілізацыі ў армію Андэрса менавіта палякамі, бо беларусам і ўкраінцам туды шлях быў закрыты – НКУС сачыла за гэтым, і таму як “паляк” беларус мог туды трапіць і служыць там.

У прэзентацыі кнігі Ігара Мельнікава ўзяў удзел дэпутат Сейма Станіслаў Пента (злева).

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара