Ігар Случак: Абавязкова павінна быць беларускамоўная маркіроўка



У спісе законаў, у якія будуць уносіцца змены ў 2016 годзе, пазначаны і закон “Аб абароне правоў спажыўцоў”. Пра гэта нядаўна паведаміў сайт Савета міністраў Рэспублікі Беларусь.

Каардынатар грамадзянскай кампаніі “Справаводства па-беларуску” Ігар Случак успрыняў навіну з пэўнай надзеяй.

– Для мяне гэтыя змены цікавыя таму, што больш за год я перапісваюся з дэпутатамі, каб былі ўнесены змены ў закон, паводле якіх інфармацыя аб правах спажыўцоў павінна давацца на дзвюх дзяржаўных мовах. І калі напачатку перапіскі гэтую ініцыятыву падтрымлівала можа два-тры чалавекі, то апошнім часам неяк дэпутаты пачалі мяняць сваю пазіцыю, і ўжо больш 15-ці дэпутатаў падтрымліваюць мае прапановы.

Інфармацыя на беларускіх таварах павінна давацца абавязкова па-беларуску і па-расейску – на дзвюх дзяржаўных мовах, – лічыць Ігар Случак. Асабліва актуальна гэта стала апошнім часам, бо Беларусь, як чалец Мытнага саюза, абавязана маркіраваць свае тавары па-руску. І беларускія вытворцы часта ігнаруюць другую дзяржаўную мову краіны і парушаюць правы беларускамоўных грамадзянаў Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя