Ілля Копыл: “Свае” партызаны былі жахлівей, чым немцы!



Выхад першага выдання  кнігі Нябышына” 20 студзеня 2010 года зрабіў эфект бомбы, што разарвалася. У “партызанскай”, як лічылася, рэспубліцы, паводле ўласнага жыццяпісу тады маладзёна- аўтара, “свае – чытай, партызаны – былі жахлівей, чым немцы”.

K2429

Тое, што адбылося пасля выхаду аповеда, крыху ніжэй. Пакуль жа  візітоўка суразмоўцы – маёра ў адстаўцы ІЛЛІ КОПЫЛА, аўтара кнігі “Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка”, што ў пашыраным варыянце, з рэзанансам чытачоў на першае выданне, выйшла накладам 500 асобнікаў пад мяноклічам “невядомая гісторыя”, пад патранажам Інстытута Беларускай гісторыі і культуры ў Рызе.

Іллі Копылу – 80. У першы клас паступіў у 1944. Хацеў стаць карабельным штурманам, але ў бацькоў не хапіла грошай на ўтрыманне. Таму паступіў у Менскае артылерыйска-мінамётнае вучылішча. Пасля служыў на Саратаўшчыне,  у артылерыі Прыволжскай ваеннай акругі, былі і 20 год службы ў ракетных войсках стратэгічнага прызначэння . Там, нягледзячы на ўсяго “маёрскія” зорачкі, займаў пасаду камандзіра палка. Частка была настолькі сакрэтнай, што падлогі мылі 25 падначаленых яму афіцэраў – шэраговых у некаторыя памяшканні не пускалі. У 47 звольніўся з войска. І да 1997 працаваў на інжынерных пасадах у ваенным прадстаўніцтве Менскага электра-механічнага завода. У студзені 1990 быў вылучаны кандыдатам у дэпутаты Менгарсавета. Кампанію праводзіў пад бел-чырвона-белым сцягам. Пра ўсё астатняе – у нашай размове…

РР: Вы напісалі свае ўспаміны ў 2005, кніга выйшла ў 2009. У прадмове зазначылі, што жылі імі ад 6-гадовага хлапчука, якім сустрэлі вайну, да нашых дзён. Чаму гэткае спазненне ў часе?

Ілля Копыл: У Савецкім Саюзе, нібы, само сабой разумелася, што пішуць толькі пісьменнікі. А напісаць ТАКІЯ ўспаміны і думаць было немагчыма. Дый меў адмоўны вопыт. У войсках тады былі абавязковымі ўсялякія лекцыі ды палітбяседы з байцамі ў ленінскіх пакоях. Ведаючы, што я перажыў вайну ды акупацыю, нампаліт даў адпаведнае заданне выступіць мне перад усёй часткай. Я, ні на што не зважаючы, расказаў пра сапраўдны твар партызаншчыны. Не паспеў выйсці з жаўнерскага клубу, як пра мяне даклалі і паклікалі на дыван – маўляў гаворыць “ня тое”. Нампаліт аказаўся разумным і сказаў – “калі што сапраўды ведаеш, трымай пры сабе ўсё астатняе жыццё!”

N0424

РР: Выхад “Нябышына” зрабіў-ткі эфект інфармацыйнай бомбы. Улады назвалі кнігу ў дзярждруку “дыскрэдытацыяй партызанскага руху і Чырвонай Арміі”. Чакалі такога “эфекту”?

Ілля Копыл: Падсвядома – так. Даваў знаёмым гісторыкам, палітолагам папярэдне пачытаць. Адзін з іх сказаў – “тое, пра што ты пішаш, мела месца. Але казаць пра гэта публічна зарана, цябе не зразумеюць”. Адказаў, што мне на той момант 75 і хутка будзе “запозна” – нікога не застанецца! Выйшаў на выдаўца Віктара Хурсіка, які першым і сказаў – “гэта не кніга, а бомба!”

РР: Дарэчы, пасля публікацыі аповесці ў “Народнай волі” Міністэрства інфармацыі вынесла газеце папярэджанне “за распаўсюд недаставернай інфармацыі”. Былі арганізаваныя пікеты супраць публікацыі “Нябышыны”, лісты “сталінскіх сокалаў”. А твар у твар сустракаліся з вашымі праціўнікамі?

Ілля Копыл: Бачыўся з чалавекам, пасля скаргаў якога была экспертыза кнігі ў Інстытуце гісторыі і ўзнікненне судовай справы супраць “НВ”.  Арганізаваў сустрэчу Іосіф Сярэдзіч. Аказалася, што зладзіў “асаду” рэдакцыі пасля таго, як не надрукавалі яго першы ліст. Напісаў – “тое, што ў Іллі Копыла забілі бацьку – бог пакараў яго за грахі”. Мо ён і не расеец па паходжанні, але прыхільнік “рускага свету” па перакананні. “Белгазета” надрукавала інтэрв’ю з функцыянерам Саюза афіцэраў, што тыя збіраюцца падаць у суд на мяне. Праз яе ж адказаў – “пайду судзіцца, але калі будзе прэса і дзверы будуць адчыненыя для ўсіх!” На гэтым усё скончылася.

РР: “Нябышына” складаецца з 38 рэпартажаў Памяці. Якія ўспаміны першасна Вас падштурхнулі пісаць?

Ілля Копыл: Станоўчыя – пра “радзівонаўцаў”. Але пачну спачатку. Мая вёска і зараз знаходзіцца ў лесе, буйных дарог праз яе няма і немцы абышлі яе бокам, хоць былі ўжо занятыя Барысаў, Менск. У нас было 120 двароў і каля 600 жыхароў, бо сем’і тады былі вялікія – у маёй 7 чалавек. Калі з’явілася акупацыйная валасная адміністрацыя, убачылі першых акупацыйных жаўнераў, што прыехалі на матацыкле. Гэта было ўзімку 1942. Адзін з іх увайшоў у нашу хату. Кажа – “матка, яйка!” Кошык з сямю дзясяткамі стаяў пад сталом і маці яго падала ўвесь. Ён падставіў далонь, узяў колькі змясцілася і больш іх не бачылі. Страшна стала, калі з’явіліся партызаны. Заходзілі ў вёску раз на месяц па начах. Вялі нахабна, узламалі клець – дзякуй богу, не было падводы, падчысцілі ўсё, што змаглі ўнесці, забралі адзенне. Бацька спрабаваў спрачацца, калі ўзялі апошні кажух і валёнкі – “як па дровы хадзіць?!” Але яму прыставілі пісталет да скроняў – “зараз нічога не спатрэбіцца”. А ў 43 годзе, калі перакінулі “партызан” з Вялікай зямлі, яны сталі пачуваць гаспадарамі. Тады ж немцы пачалі супраць іх вайсковую аперацыю “Котбус” – мы называлі яе “блакадай”. У Нябышыне перад гэтым наўперамен кватаравалі атрады Мядеведзева ды Шляхтунова. Гэтым часам у нас была забітая першая ахвяра партызаншчыны – маладая, прыгожая дзяўчына Фаня Пашэвіч. Яна адмовілася таньчыць з партызанам на падпітку, той стрэліў у яе тры разы без лішніх слоў. Пасля блакады ў вёску і прыйшлі памянёныя “радзівонаўцы”, што пазіцыянавалі сабе, як атрады “самапомачы”  і былі ў нямецкай форме, узброеныя “да зубоў”. Спачатку мы насцярожана да іх ставіліся, але паводзілі сабе ветліва, не ўломваліся ў хаты – стукалі і прасілі зайсці. Але галоўнае – у вёску пры іх не маглі сунуцца ані партызаны, ані паліцаі, ані немцы. Камандзір Гіль Радзівонаў жыў у райцэнтры Докшыцы. Ужо напісаны не адзін дослед пра тое хто ён – “вораг” альбо “савецкі патрыёт”. У мяне пазначана, што яшчэ пры Сталіне быў узнагароджаны званнем Героя Савецкага Саюза. У позве лукашэнкаўскай Мінінфармацыі да “НВ” зазначалася, што “героя” яму не прысвойвалася. Мне дапамаглі знайсці “Звязду” з адпаведным указам у архіве Нацыянальнай бібліятэкі. Проста ў 50-я  былыя партызанскія камісары, не ведаючы, што ён працаваў на Маскву, сталі пісаць у прэзідыўм  ЦККПСС – “нямецкаму прыслужніку далі героя, а нам “не”. Але публічнай адмены загада так і не было…

РР:  Усё-ткі самыя жахлівыя эпізоды для Вас?

Ілля Копыл: Бадай, тое, што адбылося ў 41-м. Сядзім у школе, не памятую прозвішча настаўніцы, але вучыліся па савецкіх букварах з Леніным-Сталіным, пісалі “палачкі”, лічбы. Немцы ў навучанне, дарэчы, па-беларуску, не лезлі, не было і партрэтаў  Гітлера ў класах. Раптам непрыкметна, з боку лесу, увайшлі мо партызаны, мо бягучыя чырвонаармейцы. Стаялі лаяцца мацюкамі, дзяўчыну-настаўніцу схапілі за грудкі і з усяго размаху кінулі на класную дошку.“Камандзір” павярнуўся да нас – “а вы, фашысцкія выблядкі, чаго сядзіце?! Марш дамоў!” Я закрычаў ад жаху…

РР: Ваш родны Нябышын быў спачатку падпалены немцамі, а пасля цалкам партызанамі. Пры чым, як вы пішаце, “па наводцы суседкі-кабеты з мужам”…

Ілля Копыл: Гэта было ў часе першай блакады ў сакавіку-красавіку 43, калі ў нас стаялі “шляхтуноўцы”. З боку суседняга паселішча Далёкія пачулася страляніна і ўвайшлі партызаны. Бацька падбег да іх – “што робіце, вы заўтра сыдзеце, а нас спаляць!” Так яно і адбылося. Немцы тут жа спалілі 4 хаты, у тым ліку, нашу. Маёй бабульцы старэнькай, калі ўсе сышлі хавацца ў дрыгву, зрабілі сховішча ў лясным хмызняку. А яна, непаседа, пайшла паглядзець што ў вёсцы робіцца. А тут зайшлі паліцаі і пачалося рабаванне. І тыя сяляне, што далёка ад хат не адыходзілі, убачылі, што сярод рабаўнікоў свая аднавяскоўка. Выскачылі на вуліцу і да яе – “Надзя, што ж ты робіш, спыні іх!” А яе муж і быў начальнік паліцыі. Яна яму кажа прачасаць ўсю вёску, каб ніводнага сведкі не засталося. Паліцаі загналі 20 нашых у пуню і … жыўцом усіх падпалілі. Бабульку папярэдне застрэлілі. Між іншым, па загаду той Надзі спалілі і яе ж сваякоў.

РР: Літаратуразнаўца Яўген Гучок параўнаў Ваш твор з “Рэпартажам з пятлёй на шыі” Юліўса Фучыка,  “На імперыялістычнай вайне” Гарэцкага ды з “Дзённікам Ганны Франц”…

Ілля Копыл: Гэта перабольшанне! Хоць мне кажуць, што кніга лёгка чытаецца, але галоўнае – невядомы для большасці фактычны матэрыял. Яе прасілі выслаць у Расею, Польшчу, Украіну, Казахстан, Нямеччыну.

РР: Тым ня менш, ідучы на сустрэчу з Вамі, пачуў ад інтэлігентнай з выгляду жанчыны, калі тая даведалася пра тэму – “каму гэта сёння трэба, увогуле, навошта ўсё варушыць?!” Сутыкаліся з такімі “меркаваннямі”?

Ілля Копыл: Натуральна. Але найперш “варушыць” усё ўлада. Глядзелі ТВ перад Днём Незалежнасці? Ветэранаў менее, а “подзвігаў” становіцца ўсё больш. Нават у афіцыйным этэры чуў, як адзін “знаўца” прамовіў, што ў нас было каля мільёна партызан! У мяне была знаёмая жанчына з пасведчаннем партызанкі, пры чым на 2 гады маладзей за мяне. Запытаў: якім чынам ты стала “гераіняй”? Кажа, што ў хаце быў на пастоі камандзір атрада і папрасіў аднойчы, каб я аднесла цыдулку начальніку штаба праз дарогу. А каб атрымаць пасведчанне “партызанкі” трэба ўсяго 2-3 сведкі, каб “пацвердзілі”. Вось і з’явілася чарговая “ільготніца”-ветэранка. Увогуле, уся справа ў тым што пры Ельцыне адчынілі галоўныя  архівы пра другую сусветную, што месціліся ў Маскве. І даследчыкі – да прыкладу, Марк Салонін, Барыс Сакалоў – кінуліся не пісаць, але ліхаманкава фатаграфаваць іх, спінным мозгам адчуваючы, што ўсё ненадоўга.  І цяпер усё выдаюць “на гара”  – я таксама з імі ў кантакце. Акурат ўсё напісанае пра другую сусветную прыдворнымі гісторыкамі – гэта і ёсць праславутая “ФАЛЬСІФІКАЦЫЯ”! З’явіліся і ў нас праўдзівыя доследы – кніга Пінчука “Партызаны ў СССР”, Захарэвіча “Савецкія партызаны”, польскага гісторыка Бартушкі пра партызанскі рух у Беларусі. А цяпер пра колькасць “народных мсціўцаў”. Калі Сталін ачомаўся пасля паразаў першых месяцаў, дык выклікаў да сабе першага сакратара ЦК КПБ Панцеляймона Панамарэнку, бо чакалі ўздыму партызанскага руху, а яго не было. Пры тым, што хавалася да 7 тысяч партчыноўнікаў, што адмыслова засталіся. Савецкі ўрад тым часам паспяшаўся зрабіць заяву, што будзе “адсочваць усе злачынствы фашысцкай арміі” . І тут была праблема. З 9200, паводле афіцыйных дадзеных, спаленых вёсак у 41 годзе было толькі 3 % – гэта тыя, што патрапілі ў зону баявых дзеянняў і не маглі не згарэць. Былі і псеўдапартызаны, як бацька Мінай, што яшчэ ў грамадзянскую вайну займеў вопыт знішчэння “бандытаў” – а на самой справе паўстанцаў супраць Саветаў. Каб “выправіць” становішча, у Беларусь скінулі з летакоў дыверсійныя групы Ваўпчасава ды Арлоўскага. Пасля, як напісана, яшчэ “дзесяткі груп”  – па 30-40 чалавек. Усяго да 4 тысяч. Плюс узгаданыя 7 – іх стала 11тысяч да траўня 1942. Зразумела, нічога кардынальнага такой колькасцю нельга было зрабіць. У 42-м згарэла прыкладна 16 % ад усіх спаленых вёсак. У траўні 43-а быў створаны Цэнтральны штаб партызанскага руху. Пасля чаго ліхаманкава сталі ствараць партызанскія атрады ў Пермскай, Кіраўскай абласцях. І перакідваць за лінію фронту.  Да канца 42 было ўжо 53 тысячы чалавек. Пасля чаго быў загад Сталіна “Аб задачах партызанскага руху”, дзе не было (! ) пункта пра тое, што трэба весці змаганне з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Але – з “ворагамі, нацыяналістамі, тымі, хто працаўладкаваўся да немцаў” – каб не памерці з голаду. Нават прыбіральшчыцы і санітаркі патраплялі пад растрэльныя артыкулы. І стралялі!  Была створаная дзяржкамісія па ўліку злачынстваў фашыстаў, але наваяўленыя партызаны і былі накіраваныя, каб рабіць тыя “злачынствы” і валіць іх на немцаў! І быў драконаўскі сакрэтны загад Вярхоўнага галоўнакамандавання 0248, каб у тылу немцаў знішчаць і паліць усё ўшчэнт, каб немцам не было дзе ані сагрэцца, ані спыніцца. 5 пункт прымушаў дыверсантаў пераапранацца ў  трафейную нямецкую форму і заўжды пакідаць жывых сведкаў, каб бачылі “злачынствы нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Калі хто жадае, загад можна знайсці ў архівах. Савецкі супердыверсант Ілля Старынаў у сваіх успамінах пісаў: “Калі б была магчымасць літаральна  выканаць загад 0248, то на акупіраванай тэрыторыі не засталося б ніводнага чалавека”. Вось што такое партызаншчына!

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара, на здымках: Ілля Копыл і ягоныя кнігі