Imagine Dragons: Гонар, што беларусы зрабілі пераклад нашай песні



Беларускамоўныя версія песні Imagine Dragons — Radioactive у выкананні гурта Navi атрымала пазітыўныя водгукі ў розных кутках свету, у тым ліку ад саміх „Драконаў”, якія выступяць у Мінску 22 студзеня.

https://www.youtube.com/watch?v=xlXbKguAJYY

Першым рэпост відэа з беларускім каверам зрабіў фан-клуб Imagine Dragons ва В’етнаме. Яго падтрымалі аматары гурта з Расеі, Таіланду, Венгрыі, Польшчы, Нідэрландаў, Ганконга і нават Бразіліі. Але галоўнае — Radioactive на беларускай пачулі самі Imagine Dragons, пішуць naviny.by.

«Мы ніколі не прыпынім здзіўляцца таму, што нашы песні становяцца часткай культуры ва ўсім свеце. Гэта напамін пра тое, што музыка не мае межаў. Для нас гонар, што беларусы зрабілі свае пераклады нашай песні. Пабачымся на канцэрце ў Менску!» — перадалі Imagine Dragons беларускім прыхільнікам.

Гурт Navi зрабіў кавер па выніках конкурса на лепшы беларускі пераклад песні Radioactive. Пераможцам стала менская школьніца Лена Койстра, якая ў дзень канцэрта асабіста сустрэнецца з Imagine Dragons. Мэта акцыі — паказаць прыгажосць беларускай мовы музыкам гурта і яго прыхільнікам у розных краінах свету.