Інфармацыйная акцыя пра Балонскі працэс



Тысячу ўлётак з інфармацыяй пра тое, што такое Балонскі працэс, распаўсюдзілі актывісты кампаніі ’’О, балонь!’’ сярод навучэнцаў берасцейскіх універсітэтаў. Валанцёры раздалі інфармацыю з мэтаю папулярызацыі еўрапейскіх акадэмічных каштоўнасцяў.

“У нашай краіны ёсць тры гады на выкананне ўмоваў сяброўства ў Балонскім працэсе”, – распавяла адная з арганізатараў акцыі Вольга Татуйка:

– Нягледзячы на тое, што Беларусь уступіла ў Балонскі працэс у гэтым годзе, у нас ёсць яшчэ тры гады і дарожная карта, якую мы мусім прайсці для паўнавартаснага ўдзелу. Мы лічым вельмі важным і актуальным інфармаваць студэнтаў пра тое, што такое Балонскі працэс, акадэмічныя свабоды, як гэта адаб’ецца на іх, якія ёсць плюсы і мінусы.

Як адзначыла Вольга Татуйка, сучасны студэнт дрэнна ўяўляе сабе магчымасці, якія можа прадаставіць Балонскі працэс. Таму галоўная задача актывістаў – распавесці пра гэта і даць магчымасць навучэнцам вышэйшых навучальных устноваў скарыстацца такой інфармацыяй.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота blogs-images.forbes.com