Інваліда асудзілі за ўхіленне ад войска



У Гародні  прайшоў разгляд касацыйнай скаргі 25-гадовага Сяргея Шымана, інваліда трэцяй групы, жыхара вёскі Будоўля, на рашэнне Гарадзенскага раённага суда аб прызнанні яго вінаватым паводле крымінальнага кодэкса: за ўхіленне ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу. Судовая калегія абласнога суда ўлічыла абставіны цяжкіх хваробаў абвінавачанага, і змякчыла ягоны прысуд да 1 года і 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу. Кажа праваабаронца цэнтра „Вясна”, Віктар Сазонаў:

Перш чым гэтага чалавека прыцягваць да нейкай адказнасці, бо людзі з ім сустракаліся, хтосьці прыносіў яму павесткі, дык можа варта было, убачыўшы гэтага чалавека, паспрабаваць правесці прымусовае абследаванне? Каб медыцынская камісія прымусова яго агледзела і вырашыла, ці гэты чалавек адэкватна ўспрымае тое, што яго кудысьці там выклікаюць: у ваенкамат, на медкамісію, ці яшчэ куды. Тыя ж вайскоўцы маюць свае механізмы, каб адвесці чалавека на такую камісію.  

Абласны суд у складзе Святланы Даўгашэй, Анатоля Зайца, Васіля Скока звярнуў ўвагу на тое, што на працягу 7 гадоў, на адрас Сяргея Шымана ваенкамат даслаў 14 позваў, на якія той не адрэагаваў. Выявілася, што хлопец бязрадны. У перыяд пасля абвяшчэння прысуду, і да разгляду касацыйнай скаргі, яму дапамагалі чужыя людзі зрабіць пашпарт і афіцыйна атрымаць інваліднасць. Былі выяўленыя і іншыя захворванні.

Пытаннем застаецца, як асуджаны да абмежаваня волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову Сяргей Шыман здолее самастойна прыходзіць адзначацца ў міліцыю?

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня