Ірына Касцевіч прызначаная міністрам працы і сацыяльнай абароны



Аляксандр Лукашэнка прызначыў Ірыну Касцевіч міністрам працы і сацыяльнай абароны, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Са студзеня 2015 года Касцевіч была намеснікам міністра эканомікі.

Нагадаем, былы міністр працы і сацыяльнай абароны Мар’яна Шчоткіна была вызваленая ад пасады ў сувязі з абраннем членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу. У адпаведнасці з заканадаўствам Шчоткіна была абавязаная пакінуць сваю пасаду міністра і выйсці са складу ўрада.

15 снежня Лукашэнка прызначыў міністрам працы і сацыяльнай абароны Валерыя Малашку — былога намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама, аднак 27 студзеня кіраўнік дзяржавы змяніў сваё рашэнне і прызначыў Малашку міністрам аховы здароўя.

Ірына Касцевіч нарадзілася ў 1967 годзе ў Менску. Скончыла ў 1989 годзе Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі імя В.У.Куйбышава, у 2002 годзе — Акадэмію кіравання пры прэзідэнце.

У 1989—1992 гадах — інжынер-канструктар ЦНДІТК Мінскага навукова-вытворчага аб’яднання „Цэнтрсістэм”. У 1993—1994 гадах працавала эканамістам Дзяржкамстата Рэспублікі Беларусь.

З 1994 па 2008 гады працавала на розных пасадах у Міністэрстве статыстыкі і аналізу, дзе даслужылася да пасады намесніка міністра.

У 2008—2015 гадах працавала першым намеснікам старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

БелаПАН