Іван Ціхан прыняў удзел у асвячэнні слонімскай крыніцы



У нядзелю, 23 кастрычніка, у Слоніме ў мікрараёне Энка адбылося ўрачыстае адкрыццё крыніцы, пасля яе рэканструкцыі. Справа ў тым, што жыхары Слоніма, якія пражываюць у мікрараёне Энка, звярнуліся ў Слонімскі грамадскі цэнтр з прапановай рэканструяваць і аздобіць крыніцу, якая знаходзіцца ў межах горада на вуліцы Косаўскі тракт. Сябры грамадскага цэнтра падтрымалі прапанову слонімцаў і звярнуліся ў жыллёва-камунальную гаспадарку горада даць дазвол на добраўпарадкаванне гарадской крыніцы. Адказ быў станоўчы. Пасля чаго адбыўся сход слонімцаў, на якім яны выбралі кіраўніка ініцыятыўнай групы Віктара Марчыка.

Па словах спадара Марчыка, рэканструкцыя крыніцы пачыналася з нуля. Спецыялістамі быў распрацаваны праект па рэканструкцыі крыніцы, пасля чаго ініцыятыўная група пачала працу. Прайшло некалькі месяцаў і крыніца ў мікрараёне Энка ў Слоніме атрымала іншы прыгожы выгляд. Цяпер слонімцы могуць без ніякіх праблемаў браць чыстую ваду і піць яе.

img_2999

На ўрачыстым адкрыцці крыніцы прынялі ўдзел жыхары Слоніма, журналісты, грамадскія актывісты, супрацоўнікі Слонімскага райвыканкама, святары. Спачатку праваслаўныя святары павіншавалі ўсіх з добрай справай і падзякавалі тым, хто добраўпарадкаваў крыніцу. Яны асвяцілі крыніцу, а слонімцы набралі з яе смачнай вады. Ва ўрачыстасці прыняў удзел і зямляк слонімцаў –  алімпійскі чэмпіён па кіданню молата Іван Ціхан. Ён таксама адзін з першых паспрабаваў крынічнай вады і з радасцю фатаграфаваў усё, што адбывалася ў яго родным горадзе.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара