Івонцы Сурвіле споўнілася 80 гадоў



11 красавіка 80-годдзе адзначае старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла.

survila160410-zgtdt

Iвонка Сурвіла (Шыманец) нарадзілася ў 1936 годзе ў Стаўпцах. З 1944 года — у эміграцыі. Яе бацька Уладзімір Шыманец быў міністрам фінансаў ва ўрадзе БНР часоў Міколы Абрамчыка. Жыла ў Францыі‚ Даніі‚ Іспаніі. Цяпер жыве ў Канадзе. Мае дзвюх дачок.

Скончыла вышэйшую Мастацкую школу ў Парыжы‚ пазней — лінгвістычнае аддзяленне Сарбонскага ўніверсітэта (1959).

Акрамя роднай мовы‚ валодае яшчэ васьмю: французскай‚ іспанскай‚ ангельскай‚ нямецкай‚ дацкай‚ лацінскай‚ нарвежскай‚ польскай.

0E35BB85-8A94-4CC1-9090-AE689C9A46BD_mw1024_s_n

У 1958-1965 гадах працавала ў беларускай рэдакцыі іспанскага Нацыянальнага радыё. З 1969 года працавала ў Федэральным урадзе Канады.

Івонка Сурвіла брала актыўны ўдзел у грамадскім жыцці дыяспары, рэпрэзентавала ідэю беларускай незалежнасці на сустрэчах з канадскімі палітыкамі, на канферэнцыях ды імпрэзах. Займалася жывапісам‚ брала ўдзел у мастацкіх выставах.

У 1989 годзе арганізавала канадскі Фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі і заставалася яго кіраўніцай да 1997 года. Дзякуючы фонду ў Беларусь былі перададзеныя лекі ды медычнае абсталяванне на дзясяткі мільёнаў даляраў, а на аздараўленні ў Канадзе пабывалі тысячы беларускіх дзяцей.

У жніўні 1997 года Івонка Сурвіла была абраная старшынёй Рады БНР.

Сябры і паплечнікі выказваюцца пра Івонку Сурвілу з нагоды яе дня народзінаў.

https://www.youtube.com/watch?v=FsNngMjAI50

Беларускае Радыё Рацыя далучаецца да віншаванняў і з нагоды юбілею жадае моцнага здароўе і шчасця. Няхай Бог аберагае Вас ад зла, хваробаў і журбы. Здзяйснення ўсіх Вашых задумаў і мараў!

Фота svaboda.org