Качанава: Моладзь у Беларусі можа рэалізаваць усе свае магчымасці



Моладзь у Беларусі можа рэалізаваць усе свае магчымасці, заявіла журналістам кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці. 10 сакавіка там адбылося першае мерапрыемства ў межах прымеркаванай да Дня Канстытуцыі акцыі БРСМ „Мы – грамадзяне Беларусі!”. Качанава ўручыла першыя пашпарты 14-гадовым юнакам і дзяўчатам.

«Мы жывем у свабоднай, міралюбівай краіне, у якой сёння можна рэалізаваць усе свае магчымасці — можна вучыцца, можна працаваць, думаць пра будучыню, ствараючы сям’ю», — лічыць кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта.

Акцыю Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі па ўручэнні першых пашпартоў, якая праводзіцца з 2004 года, Качанава назвала важным складнікам у ідэалагічнай працы з моладдзю. „Для кожнага маладога чалавека, які атрымаў сёння пашпарт, — гэтая знакавая падзея застанецца ў памяці назаўсёды. Хлопцы і дзяўчаты атрымліваюць вось гэты галоўны дакумент свайго жыцця, калі становяцца паўнапраўнымі грамадзянамі нашай краіны — Рэспублікі Беларусь — з рук тых людзей, якія, скажам, дасягнулі нечага ў жыцці”, — зазначыла яна.

На думку Качанавай, адзін з асноўных арыенціраў развіцця беларускай дзяржавы можна сфармуляваць так: „чалавек і сацыяльная справядлівасць”. „Наша краіна ў сваім станаўленні прайшла кароткі, але вельмі няпросты шлях. Мы, людзі старэйшага пакалення, памятаем, што было больш за дваццаць гадоў таму, якая была краіна, і нам ёсць з чым параўнаць, што зроблена за невялікі прамежак па часавых мерках у гісторыі і як сёння рэалізуюцца ўсе магчымасці кожнага грамадзяніна ў нашай краіне”, — сказала кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта.

„Вы бачыце, што наша краіна надзвычай прыгожая. Я заўсёды кажу: у жыцці кожнай краіны, як і ў кожнай сям’і, бываюць розныя перыяды — уздымы, спады, бываюць не вельмі простыя сітуацыі, але калі гэта моцная сям’я, яна перажыве ўсё. Так і у нас у краіне. Калі мы ўсе разам, то, я лічу, што нам любыя нягоды па плячы”, — заявіла Качанава.

Пры гэтым, зыходзячы са свайго жыццёвага і прафесійнага вопыту, яна падкрэсліла, што меркантыльныя інтарэсы не варта ставіць на першае месца, бо „не ў гэтым шчасце чалавека”. „Перадаючы добрыя традыцыі з пакалення ў пакаленне і моладзі, я проста ўпэўненая, што наша краіна будзе квітнець”, — сказала кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта.

БелаПАН