Каір і Воля



Беларуская журналістка Вольга Чарных, выпускніца факультэта журналістыкі Ягелонскага ўніверсітэта, супрацоўніца польскага тэлеканала TVN і былы менскі карэспандэнт Беларускага Радыё Рацыя, у 2014 годзе з’ехала ў Каір, кардынальна змяніўшы не толькі месца жыхарства.

005_0

Мы размаўлялі з Вольгай за тыдзень да крушэння расейскага самалёта над Сінайскай паўвыспай. Але пасля трагедыі я зноў звязаўся з Каірам. Наша размова адбывалася праз Skype, але твару суразмоўцы я не бачыў. Так што ўсе рэлігійныя каноны месца, дзе зараз знаходзіцца Воля, былі выкананыя… 🙂

— Прывітанне! То ты там зараз у хіджабе сядзіш пры кампутары? Наогул, у Егіпце жанчыны паўсюль павінныя яго насіць?

— Не. У Егіпце жанчыны павінны насіць хіджаб перад чужымі мужчынамі. На вуліцу ж я хаджу ў нікабе — гэта такая вопратка, калі ў жанчыны закрыты нават твар і бачныя толькі вочы. І гэта не таму, што мяне муж змусіў так хадзіць. Гэта для маёй бяспекі. Калі егіпцяне бачаць на вуліцы еўрапейку з блакітнымі вачыма, яны рэальна могуць пачаць да цябе чапляцца.

Намінальна Егіпет лічыцца ісламскай краінай. Але самі людзі вельмі мала гэтага датрымліваюцца. Напрыклад, па ісламскіх правілах мужчына, пабачыўшы жанчыну, павінен апускаць вочы долу. Але рэальна ніхто вочы не адводзіць, а, наадварот, будзе глядзець на цябе, можа нешта бубнець пра сябе і нават пайсці за табой наўздагон. Таму я стараюся не даваць падставаў. А яшчэ я вельмі баюся жаркага егіпецкага сонца, якое насамрэч вельмі рэзкае і небяспечнае.

Сонца, пэўна, сапраўды гарачае. А што яшчэ ўражвае еўрапейцаў у Егіпце? Якія найбольшыя адрозненні ад заходняй цывілізацыі?

— Па-першае, тут вельмі брудна. Некаторыя беларусы жартуюць, што калі б прэзідэнтам Егіпта стаў Аляксандр Лукашэнка, то прадстаўнікоў камунальнай гаспадаркі чакалі б жорсткія рэпрэсіі. Тут брудна так, што часам проста немагчыма прайсці, бо людзі звыкліся выкідаць смецце наўпрост на вуліцу. А камунальныя службы працуюць абсалютна па-растаманску: ёсць месцы, дзе яны адмыслова старанна прыбіраюць, але ў большасці сітуацыя вельмі непрыемная.

Па-другое, па Каіры і наогул у Егіпце вельмі цяжка перасоўвацца, бо гарадскія аўтобусы не ідуць па вызначаных маршрутах, не спыняюцца цалкам на прыпынках, а людзі ўваходзяць і выходзяць з іх падчас руху на малой хуткасці. Ды і наогул, калі ты не мясцовы, ты ніколі не зразумееш, куды ідзе той ці іншы транспарт. Тут няма схемы маршрутаў, мабільнай прылады з раскладам руху і гэтак далей…

Праўда, тут ёсць маршруткі. Але у іх вельмі страшна ездзіць, бо кіроўцы часта паляць гашыш і кіруюць транспартным сродкам пад кайфам. Таму прыходзіцца ездзіць альбо таксоўкай, альбо на машыне разам з мужам. Я езджу звычайна да сябровак, якіх маю амаль ва ўсіх кутках Каіра, ды па справах нейкіх… З людзьмі звычайна стасуюся па-арабску альбо па-ангельску. У вялікіх адміністрацыйных установах ангельскую мову тут разумеюць.

003_3

Для якіх выданняў і пра што ты пішаш з Каіра?

— У асноўным я пішу для ісламскіх выданняў ва Украіне. Хоць пакуль мне яшчэ складана прызвычаіцца, і перыяд маёй адаптацыі працягваецца. У асноўным пішу артыкулы, бо рабіць аўдыё- ці відэаматэрыялы цяжкавата з-за страху суразмоўцаў назваць сябе для замежнага выдання.

Але сюжэты з Егіпту часта выходзяць на Euronews, CNN, іншых сусветных выданнях. Там жа людзі не баяцца казаць?

— Сапраўды, але вось у чым справа. Вайсковыя ўлады глядзяць скрозь пальцы на тое, што выходзіць на старонках сусветных выданняў. На мой погляд, для такіх існуе пэўная свабода. Дакладней, для іх улады ствараюць пэўны антураж свабоды. А калі я не супервядомы сусветны журналіст, то вельмі цяжка ўгаварыць чалавека назваць сваё імя ці стаць перад камерай.

Плюс да ўсяго, у Егіпце многія журналісты ў турмах сядзяць. Напрыклад, карэспандэнты Al Jazeera. Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў рэвалюцыйнай дзейнасці, антыўрадавай агітацыі і г. д. Неяк вайскоўцы арыштавалі вядомага польскага журналіста Марціна Мамона і абвінавацілі ў шпіянажы. Журналіста вызвалілі, бо за яго заступіўся польскі прэзідэнт. Але маглі і не вызваліць, а шпіянаж у гэтай краіне можа пацягнуць на смяротнае пакаранне. Марціна затрымалі таму, што ён ішоў па вуліцы разам з сябрам арганізацыі «Браты-мусульмане».

За сябе не баішся?

— Я лічу, што калі мне наканавана лёсам сесці ў турму альбо быць забітай, то гэта адбудзецца незалежна ад месца майго знаходжання. Ды я ўсё ж замежны грамадзянін, таму ў выпадку пераследу ўсё ж спадзяюся, што беларускія ўлады за мяне заступяцца. Калі не — ну, буду сядзець у турме, нічога не зробіш.

Мне тут цікава. Апошнім часам тут адбываецца вельмі шмат рэчаў, пра якія хочацца пісаць і расказваць. Напрыклад, цяперашні кіраўнік Егіпта генерал Абдель Фаттах ас-Сісі сябруе з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным, што мае вынікам яшчэ большую мілітарызацыю краіны. Таксама хочацца пісаць пра відавочнае збядненне краіны, калі кошты растуць, а грошай у людзей з кожным днём становіцца меней і меней. Заробкі і пенсіі растуць у гэтай краіне, напэўна, толькі ў ваенных.

a

 А чым зарабляе ваша сям’я, твой муж?

— Мой муж працуе спецыялістам ў тэлекамунікацыйнай кампаніі.

Калі муж спецыяліст у тэлекамунікацыйнай кампаніі, вы не думалі з’ехаць у Еўропу, напрыклад, ці Амерыку?

— Мы, мусульмане, не будуем далёкіх планаў на будучыню, бо жыццё кожнага чалавека можа скончыцца ў любы момант. Жыццё ў раі вечнае і цудоўнае, а гэта жыццё кароткае і не вартае таго, каб асабліва пераймацца.

Але ж рамонт робіце ў доме… 🙂

—Так (смяецца)… Каб жыць гэтыя імгненні было больш-менш утульна 🙂

А ты сама ходзіш на палітычныя акцыі ў Каіры?

—Раней хадзіла, зараз муж адну не пускае, таму хадзіў са мною. Я цікаўлюся тэмай Егіпту з 2013 года, пішу пра гэта ўсё, і дагэтуль са мной нічога не здарылася. Паводле маёй філасофіі, калі чалавек робіць нейкую справядлівую справу, калі чалавек не падманвае, то бог будзе берагчы такога чалавека. Таму я не баюся.

А якая верагоднасць, што ў выпадку затрымання цябе будзе бараніць беларуская амбасада?

— З усіх маіх кантактаў у мяне склалася перакананне, што беларуская амбасада тут працуе вельмі добра. Яны заўсёды адказваюць на тэлефонны званок, дапамагаюць у выпадку неабходнасці нейкіх дакументаў. Калі я прыехала сюды ўпершыню і рыхтавала нейкія дакументы, то мяне нават сам амбасадар папярэджваў пра неабходнасць быць асцярожнай і абачлівай ва ўсім.

Ці кантактуеш з іншымі замежнымі журналістамі ў Каіры?

— Так, у мяне ёсць знаёмы, які піша для Дэйлі Тэлеграф, а таксама сяброўка, што працуе на CBS.

001_2

Што кажуць калегі? Яны не заўважаюць за сабой сачэнне, напрыклад, нейкую адмысловую ўвагу ваенных?

— Не, яны такога не заўважалі. Як я ўжо казала, думаю, гэта адбываецца менавіта таму, што егіпецкія ўлады ствараюць пэўны арэол свабоды для вядомых еўрапейскіх і амерыканскіх выданняў. Не кажучы ўжо пра дзяржаўныя расейскія СМІ, якія з-за сяброўства Пуціна і ас-СіСі маюць наогул зялёнае святло.

— І нават сачэння за рэпарцёрамі не заўважаецца?

— А які сэнс займацца сачэннем, калі ў Каіры і так на кожным скрыжаванні дзяжураць вайскоўцы. Тут і так усё кантралюецца. Хоць ужо даўно існуе жарт, што непераможная армія Егіпта непераможная менавіта таму, што на яе ніхто не нападае. Што ўся гэта мілітарызацыя робіцца выключна дзеля таго, каб апраўдаць выдаткі вялізнага вайсковага бюджэту краіны.

Адзін толькі прыклад прывяду. Вельмі часта ў СМІ гучыць інфармацыя пра нейкія тэракты ў Каіры. Тэракты нібыта адбываюцца на вуліцах у гадзіну пік, але пры гэтым параненых у тэрактах няма. Таму складаецца ўражанне, што ўсё гэта — бутафорыя ваенных, каб апраўдаць вялізныя выдаткі, што ідуць нібыта на забеспячэнне парадку. Нагадаю, што ў Егіпце існуюць два бюджэты: бюджэт дзяржаўны і бюджэт вайсковых сілаў. І бюджэт вайсковы наогул не падлягае ніякаму кантролю. Ніхто не мае права ведаць, колькі выдаткоўваецца сродкаў і маёмасці.

— Як змянілася сітуацыя пасля жудаснага крушэння расейскага самалёта над Сінайскай паўвыспай?

—Для мяне ўвогуле дзіўна, чаму людзі цяпер пруць на Сінай. Тым больш з дзецьмі. Не, я разумею, што танны адпачынак. Але сітуацыя там складаная. Ва ўсім Егіпце, дзе ўладараць вайскоўцы, дзе сапраўдная вайсковая дыктатура, якая Піначэту і не снілася, сітуацыя складаная. А на Сінаі тым больш. Там і раней было неспакойна, бо гэта практычна ізаляваны рэгіён. Там ні адукацыі няма нармальнай, ніякіх сацыяльных службаў. Таму людзі і падаюцца ў радыкалы. І што там рабіць турыстам, я асабіста не разумею.

Наконт падзення самалёта афіцыйныя СМІ тут кажуць, што Егіпет будзе дапамагаць Расеі і ўсё такое. А звычайным людзям неяк абыякава. Першыя дні пра гэта гаварылі, а цяпер усё сышло на не…

baj.by