Канцэрт з нагоды 11 лістапада ў Гародні



З нагоды Дня незалежнасці Рэспублікі Польшча, які святкуецца 11 лістапада, у Гародні адбыўся святочны канцэрт хора “Голас з-над Нёмана”, які дзейнічае пры непрызнаваным уладамі Саюзе палякаў у Беларусі. На канцэрце прысутнічала больш за 200 жыхароў горада, польскія дыпламаты і прадстаўнікі грамадскай супольнасці. У выкананні артыстаў прагучалі польскія патрыятычныя песні, якія, па словах кіраўніка музычнага калектыва Паўла Кмеціка, цягам дзесяцігоддзяў не губляюць сваёй актуальнасці:

– Гэтыя песні, на жаль, не заўсёды так часта выконваюцца ў Польшчы. Так не можа быць. Мы павінны спяваць гэтыя патрыятычныя песні. Гэта ж День Незалежнасці ў Польшчы. І павінны памятаць пра тое, што зроблена і палякамі, і беларусамі дзеля таго, каб наша Айчына была вольная. Гэта наш абавязак.

Урачыстасці, прысвечаныя Дню незалежнасці Польшчы, працягнуцца ў Гародні 11 лістапада. На вайсковых могілках запланавана ўскладанне кветак і запальванне знічаў у памяць пра тых, хто аддаў сваё жыццё за незалежнасць краіны. Вечарам у Пабернардынскім касцёле адбудзецца Святая Імша за Айчыну. Урачыстасці, прысвечаныя Дню незалежнасці, арганізуюць Генеральнае консульства Рэспублікі Польшча ў Гародні супольна з непрызнаваным уладамі Саюзам палякаў.

Беларуске Радыё Рацыя, Гародня