Касацыйную скаргу Аляксандра Баразенкі разгледзіць суд



Касацыйную скаргу журналіста Аляксандра Баразенкі разгледзіць заўтра, 5 красавіка, Менскі гарадскі суд. Відэа-аператар тэлеканала «Белсат» адбывае 15-дзённы адміністрацыйны арышт, увесь гэты час трымае галадоўку.

Як паведаміў прэс-сакратар  Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі, паседжанне прызначанае на 10 гадзін:

– Адразу пасля таго, як яго асудзілі да арышту, ён напісаў скаргу. Нарэшце гэтая скарга будзе разглядацца. Па ідэі Аляксандра маглі б даставіць на гэты разгляд, хаця наўрад ці гэта зробяць, і будуць разглядаць без яго ўдзелу. Канешне, адвакат будзе ўсімі сіламі дамагацца, каб гэтае абсурднае абвінавачванне ў лаянцы было знятае, аднак асаблівых ілюзій на конт заўтрашняга працэсу мы не маем. Але вельмі чакаем Аляксандра ў нядзелю – многія менскія журналісты збіраюцца прыйсці да Акрэсціна і сустрэць свайго калегу.

Рашэнне пра арышт Аляксандра Баразенкі на 15 сутак вынесла 27 сакавіка суддзя Маскоўскага раёну Менску Таццяна Мотыль. Падчас суда Баразенка паведаміў, што 25 сакавіка «выконваў прафесійныя абавязкі, вёў прамую трансляцыю масавай акцыі, назіраў за развіццём падзей».

Журналіст быў затрыманы ў цэнтры сталіцы падчас разгону АМАП-ам акцыі, прымеркаванай да Дня Волі. Міліцыя абвінаваціла яго ў дробным хуліганстве – нібыта ён нецэнзурна лаяўся ў грамадскім месцы. Баразенка віны не прызнаў. Да суда ён знаходзіўся ў ізалятары.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя