КДБ: Юрый Чыж прызнаў віну і кампенсаваў шкоду



У Камітэце дзяржаўнай бяспекі пацвердзілі вызваленне ўладальніка групы кампаній «Трайпл» бізнесмена Юрыя Чыжа з СІЗА КДБ.

Юрый Чыж

Як заявіў начальнік прэс-службы КДБ Дзмітрый Пабяржын, у дзяржаве існуе адзіны падыход у расследаванні фінансавых злачынстваў незалежна ад асобы чалавека.

«Калі падазраваны прызнаў віну і кампенсаваў шкоду, то адпадае неабходнасць яго далейшага ўтрымання пад вартай», — сказаў прадстаўнік Камітэта дзяржбяспекі.

Паводле слоў Пабяржына, усе рашэнні па гэтай крымінальнай справе прымаліся ў строгай адпаведнасці з артыкулам 88-1 Крымінальнага кодэкса (вызваленне ад крымінальнай адказнасці ў сувязі з добраахвотным пакрыццём прычыненай шкоды (страты)).

Юрыю Чыжу, затрыманаму 11 сакавіка, выстаўлена абвінавачанне ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры). Па версіі старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка, даведаўшыся пра вобыскі ў офісах кампаній, бізнесмен спрабаваў на машыне ўцячы за мяжу. Чыж ехаў на хуткасці 220 км/гадз у бок мяжы, для яго затрымання ўводзіўся план „Перахоп”.

Паводле інфармацыі Камітэта дзяржбяспекі, летам мінулага года Чыж і два яго расійскія партнёры звярнуліся ў КДБ з заявай аб супрацьпраўнай дзейнасці намесніка Чыжа Уладзіміра Япрынцава. У ходзе расследавання было выяўлена ўхіленне ад выплаты падаткаў у „Трайпле”, да якога мае дачыненне сам Чыж. Прамыя доказы гэтаму аказаліся ў распараджэнні КДБ 11 сакавіка.

Устаноўлена, што ў 2012 годзе па загадзе Чыжа ў Маскве была створана фірма, ажыццяўленне фінансава-гаспадарчай дзейнасці якой першапачаткова не планавалася. Яе заснавальнікам стаў грамадзянін Расеі, які падчас знаходжання Чыжа ў Маскве выконваў функцыі яго памочніка і кіроўцы. „Трайпл” перадаў гэтай фірме правы на свой таварны знак, а затым практычна штомесяц пераводзіў ёй буйныя сумы пад выглядам платы за карыстанне таварным знакам. Гэтыя грошы пераводзіліся ў наяўныя ў Маскве, перадаваліся касіру, а той перадаваў іх Чыжу. Такіх фірмаў, паводле слоў Вакульчыка, было досыць шмат.

12 траўня ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Вакульчык заявіў, што Чыж працягне заставацца пад вартай і не будзе выпушчаны пад падпіску аб нявыездзе. „Такіх падстаў  пакуль няма”, — адзначыў ён. Пры гэтым старшыня КДБ не стаў каментаваць ход расследавання справы ў дачыненні да Чыжа. Паводле яго слоў, бізнесмен у СІЗА КГБ утрымліваецца ў нармальных умовах.

11 верасня, размаўляючы з журналістамі на выбарчым участку, пра справу Чыжа выказаўся Аляксандр Лукашэнка. «Шчыра скажу, што справа ў дачыненні да Чыжа — на кантролі ў прэзідэнта. І не толькі таму, што ён буйны бізнесмен. Ён усё-такі недалёка часам быў ад прэзідэнта, і многія асацыявалі яго паводзіны з самім прэзідэнтам. Неабыякавая мне тэма гэтая», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён выказаў упэўненасць у тым, што праваахоўныя органы разбяруцца ў справе Чыжа і іншых прадпрымальнікаў. «Ёсць эканамічнае злачынства — нявыплата падаткаў. Памнажайце на тры, а некаторыя на пяць, плаціце за тое, што ўкралі ў дзяржавы, ідзіце працуйце. І дзе яны зараз? Працуюць і ўдзячныя за тое, што іх не адправілі ў месцы не надта далёкія гадоў на 15, як гэта зрабілі б у ЗША. Вось і ўся дэмакратыя», — сказаў Лукашэнка.

«Тое ж самае і па Юрыю Аляксандравічу, — дадаў кіраўнік дзяржавы. — Наколькі я ведаю, ён згодны. Гэта не грошы. Ці то 12, ці то 13 мільёнаў долараў яму ўжо на сённяшні этап расследавання выстаўлены абвінавачанні. Да Юрыя Аляксандравіча такое ж стаўленне, як і да іншых. і нават крыху лепшае, паколькі за ім, за яго кампаніяй, стаіць шмат людзей. Мне гэта трэба? Не, але ісціна даражэйшая, закон пераступаць нельга… Няхай плаціць, як трэба. Калі ён мяне пра што-небудзь папросіць, я разгледжу яго просьбу і адрэагую дакладна так, як у дачыненні да іншых. Ён выдатна ведае гэта».

На пытанне знаходзіцца Чыж у СІЗА ці пад дамашнім арыштам (такая інфармацыя з`явілася ў СМІ пасля таго, як Чыжа даставілі ў суд па справе яго партнёра Уладзіміра Япрынцава без наручнікаў), Лукашэнка адказаў: «Чаго мы яго павінны як бандыта або забойцу вадзіць у наручніках у суд? Гэта глупства. І правільна зрабілі праваахоўнікі. Якія наручнікі? Ён — падазраваны. Скажу шчыра: калі б ён не пабег у свой час і яго не лавілі на хуткасці 200 кіламетраў, напэўна, ён бы быў пад падпіскай аб нявыездзе  або пад дамашнім арыштам і хадзіў бы да следчых на допыты. Але ён сам захацеў гэтай долі».

БелаПАН