Хронікі гомельскага «пізанскага дома»



У Гомельскім мікрараёне Мельнікаў Луг з’явілася мясцовая славутасць. Шматкватэрны дом па вуліцы Галавацкага, 95 прыцягвае ўвагу мінакоў, якія спрабуюць разглядзець на фасадзе будынка шчыліны і дэфармацыю плітаў.

фота1

А вось некаторым жыхарам злашчаснага дома не да жартаў. 27 ліпеня ратавальнікі і міліцыянты на нейкі час нават эвакуявалі ўсіх жыхароў, загадаўшы ім прыхапіць з сабой дакументы і каштоўныя рэчы. Прадстаўнікі МНС па аглядзе будынка нібыта заявілі, што пліта аднаго з балконаў адышла ад сцяны прыкладна на паўтара сантыметра. Жыхарка дома па вуліцы Галавацкага, 95 згадвае абставіны часовай эвакуацыі.

фота2

фота3

«Прыйшлі да мяне ў хату, значыцца, два дзядзькі ў форме. Кажуць, бабця пакідай памяшканне, бо твой дом зараз заваліцца. Я выйшла на двор, а тамака дзве пажарныя машыны, хуткая дапамога, міліцыя, людзей скопішча…», — згадвае бабуля 90-гадовага веку.

Іншыя жыхары дома былі не такімі гаваркімі.

«Выключыце дыктафон, я вам нічога не буду гаварыць», — крычыць кабета гадоў 45-ці. Калі я выконваю ейную просьбу, жанчына шэптам і спалоханым голасам дадае: «Шкада мне суседа. Хочуць яго зрабіць вінаватым. А ён жа такі ветлівы, заўжды вітаўся з усімі. У яго яшчэ маленькае дзіця».

Заходжу ў пад’езд, каб знайсці чалавека, які стаў прычынай пярэпалаху на раёне. Уздымаюся на 9 паверх, грукаю ў патрэбныя дзверы, званю ў званок. Але ніхто не адчыняе.

Паколькі жыхары не надта імкнуцца распавядаць пра сітуацыю вакол іх дома, спрабую сам правесці даследаванне аб’екта. Праходжу некалькі паверхаў з 9-га па 4-ы. Паміж паверхамі сапраўды бачныя шчыліны таўшчынёй з палец. Сям-там заўважныя сляды абсыпання тынку. Ці з’яўляюцца гэтыя праявы сімптомамі працэсу разбурэння будынку альбо проста вынікам нядбайнай эксплуатацыі — цяжка сказаць.

фота4

фота5

фота6

Раптам з адной з кватэраў выходзіць мужчына, які, убачыўшы дыктафон, пачынае хітравата ўсміхацца. «Наш дом стаў знакамітым на ўсю Беларусь, так? Няма ніякай пагрозы абвалу. Гэта ўсё выдумкі. Учора, калі ратавальнікі разам з міліцыянтамі ўзнялі тут вэрхал, нашыя бабулі бегалі з пігулкамі і хапаліся за сэрца. Мяркуйце самі, калі б раптам сапраўды пасунулася пліта, няўжо б мы гэта не заўважылі. А так сведка ўсяго гэтага толькі адзін чалавек. Лухта ўсё. Нічога з нашым домам не адбываецца», — разважае ўголас мужчына.

На прыпад’езднай лаве сядзіць дзядзька пенсійнага веку. На маю просьбу пракаментаваць здарэнне толькі размахвае рукамі. Без дыктафона на вуха паведамляе: «Можа быць, там нешта і адышло ад сцяны. Няма дыму без агню. А хлопца гэтага міліцыя хоча пасадзіць, каб не было спакусы ў наступны раз варушыць кодла. Мяне нават панятым спрабавалі зрабіць».

І сапраўды, прадзяржаўны тэлеканал СТВ паведамляе, што не трэба было выязджаць на месца здарэння выратавальнікам і міліцыянтам. Хапіла б, маўляў, некалькіх санітараў. Дарэчы, паводле інфармацыі дзяржаўных журналістаў, 30-гадовы гамяльчук насамрэч апынуўся ў вар’ятні, дзе яго будуць правяраць на наяўнасць псіхічных расстройстваў.

«На 7-м паверсе шчыліна па столі ідзе, а ў калідоры пліта перакрыцця асела, сышла ўніз на 3-4 см. З таго боку дома нават візуальна бачныя пашкоджанні, трэшчыны ідуць зверху ўніз. Дом быццам развальваецца паміж пад’ездамі. Справа ў тым, што вакол набудавалі мноства шматпавярховікаў, пры ўзвядзенні якіх білі сваі, вібрацыя ішла, таму, відаць, гэта адбілася на нашым доме», — мяркуе адзін з суседзяў затрыманага.

Некаторыя суразмоўцы заўважаюць, што дом № 95 пабудаваны ў вельмі няўдалым месцы. Калісьці тут было балота, якое засыпалі пяском, намытым з ракі Сож. На гэтых рукатворных дзюнах быў узведзены цэлы раён, які цяпер называецца Мельнікаў Луг.

«Я сам былы будаўнік. Падумай сваёй галавой. Калі нават плот паставіць проста на пясок, няўжо ён будзе стаяць трывала? А тут цэлы дом паставілі. Я, канешне, ні на што не намякаю, але ўсё можа быць», — разважае чарговы жыхар няшчаснага дома.

Мікола Бянько, Беларускае Радыё Рацыя, Гомель