Хто адкажа за гібель школьніцы?



Праваабаронца Валянцін Стэфановіч распавядае, што праблема прымусовай працы ў Беларусі застаецца.

У cудзе Маладзечанскага раёна працягваецца разгляд позвы бацькоў загінулай на калгасным полі падчас уборкі бульбы 13-гадовай школьніцы Вікторыі Папчэні да гаспадаркі, каб прызнаць факт існавання працоўных адносінаў.

Бацькі загінулай дзяўчынкі хочуць, каб яе гібель прызналі няшчасным выпадкам на вытворчасці. Паводле закона гэта можа зрабіць толькі суд, бо інспекцыя па працы не прызнае вытворчага выпадку: працоўныя адносіны ў Беларусі пачынаюцца з 14 гадоў, паведамляе euroradio.fm.

Нагадаем, 13-гадовая школьніца ў Маладзечанскім раёне загінула 29 верасня. Крымінальную справу за яе смерць пачалі на кіроўцу МАЗА, які наехаў на васьмікласніцу, і дзвюх настаўніц.

Валянцін Стэфановіч: У нас працоўныя дамовы заключаюцца з 14 гадоў па згодзе аднаго з бацькоў, але няхай зараз кіраўніцтва Маладзечанскага райвыканкама адкажа, чаму 13-гадовая дзяўчынка апынулася на калгасным полі? Хоць, як я разумею, многія занялі пазіцыю “мая хата з краю”, а крайнімі, хутчэй за ўсё, зробяць настаўнікаў, бо ўжо аказваецца, што ніхто нікуды школьнікаў не накіроўваў. Атрымліваецца, што гэта настаўнікі адвезлі іх на поле па сваёй ініцыятыве. Хаця відавочна, што, напэўна, было адпаведнае распараджэнне начальства. І, як мне падаецца, праверку тут трэба праводзіць больш шырока і больш шырока трэба глядзець на праблему. Бо настаўнікам сто гадоў не трэба адпраўляць школьнікаў на сельгасработы. Трэба высветліць, чаму дзяцей адпраўляюць на прымусовыя працы, каб не было такіх трагічных выпадкаў у будучым.

РР: Прымусовая праца – гэта сістэма ў краіне? 

Валянцін Стэфановіч: Складваецца ўражанне, што ўсё гэта носіць сістэмны характар. Калі на рэспубліканскім узроўні праводзяцца суботнікі з удзелам мільёнаў людзей, то практыку пырмусовай працы пераносяць і на мясцовы ўзровень. Як бачым, не грэбуюць і дзецьмі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя