Хто дыскрэдытуе міліцыю?



“Міліцыянтам не трэба хлусіць, і тады стаўленне да іх зменіцца”, – кажа праваабаронца і былы супрацоўнік пракуратуры Алег Волчак.

Алег Волчак

Алег Волчак (Фота bnp.by)

Суд над Уладзімірам Мацкевічам яскрава паказаў, як падчас судовых працэсаў ілгуць беларускія міліцыянты. Тым часам, зусім не так даўно міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч казаў, што супраць МУС вядзецца інфармацыйная вайна, якая дыскрэдытуе супрацоўнікаў міліцыі.

Алег Волчак: Па-першае, хачу сказаць, што Мацкевічу ў гэтай сітуацыі трэба пісаць заяву ў пракуратуру аб пачынанні крымінальнай справы за дачу ілжывых сведчанняў. Трэба давесці інфармацыю спецдакладчыку ААН, прадстаўніку ЕС па правах чалавека, які не так даўно прыязджаў у Менск, і я б нават прапанаваў прозвішчы такіх людзей ізноў падаваць у спісы невыязных у Еўразвяз.

РР: Справу Мацевіча накіравалі на дапрацоўку…

Алег Волчак: У такіх выпадках звычайна альбо дапрацоўваюць пратаколы і затым справу ізноў накіроўваюць у суд, альбо чакаюць два месяцы, калі праходзіць тэрмін даўніны прыцягнення да адказнасці. І справа паціху затухае сама па сабе.

РР: Не так даўно міністр унутраных спраў быў абураны, што зараз супраць МУС ідзе інфармацыйная вайна…

Алег Волчак: Міліцыя сама сябе дыскрэдытуе. І не толькі па палітычных справах. Да нас, праваабаронцаў, прыходзіць вельмі шмат скаргаў на дзеянні міліцыянтаў. Калі чалавек пад прысягай ілжэ на судзе, то хто каго дыскрэдытуе ў вачах людзей? І хто будзе затым верыць ілгунам?

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя