Кіраўнік праўладнага Саюза палякаў прапаноўвае непрызнаванаму Саюзу аб’яднацца



Афіцыйны Саюз палякаў гатовы аб’яднацца з непрызнанай беларускімі ўладамі польскай арганізацыяй, заявіў 26 лістапада журналістам у Магілёве кіраўнік праўладнага Саюза палякаў Беларусі (СПБ) Мечыслаў Лысы.

«Мы заўсёды працягваем руку, кажам, што нам трэба аб’яднацца. І вось цяпер, напярэдадні з’езда, я таксама прапаноўваю аб’ядноўвацца, але няма вялікага жадання. Што да людзей, якія не ў кіраўніцтве Саюза палякаў, то многія нават і не ведаюць да канца, што ёсць такая сітуацыя. Яны проста любяць польскую мову, польскую культуру, традыцыі, яны ўдзельнічаюць у працы саюза і спецыяльна нават не звяртаюць увагі, які саюз, хто кіруе. Таму такая сітуацыя большасць, я б сказаў, задавальняе нават», — заявіў кіраўнік праўладнай арганізацыі, які прыбыў сёння ў Магілёў на святкаванне 25-годдзя магілёўскага аддзела СПБ.

Ён таксама адзначыў, што магілёўскія палякі аднымі з першых ўступілі ў саюз і сёння дзейнічаюць даволі актыўна. «На Магілёўшчыне таксама шмат палякаў, можа, не так шмат, як у заходніх абласцях, але дастаткова шмат. І арганізацыя, якая аб’ядноўвае палякаў, гэта аддзел Саюза палякаў, якая праводзіць курсы польскай мовы, розныя мерапрыемствы пры Польскім доме. Аддзел актыўна ўдзельнічае ў працы на ўзроўні рэспублікі», — заявіў Лысы.

У сваю чаргу кіраўнік магілёўскага аддзела СПБ Юрый Журавовіч асноўным дасягненнем назваў рэканструкцыю і будаўніцтва Польскага дома ў Магілёве, які, паводле яго слоў, сам сябе забяспечвае. «Другім нашым дасягненнем я лічу навучанне польскай мове. 17 гадоў таму мы адкрылі польскія класы ў школе Цяпер каля 150 чалавек навучаюцца пры Польскім доме», — сказаў ён, адзначыўшы, што дзеці школьнага ўзросту вучацца бясплатна.

Паводле слоў Журавовіча, вядзецца праца і па захаванні ў Магілёве польскай гістарычнай спадчыны, ёсць шмат старадаўніх надмагілляў на польскіх могілках у Магілёве, якія трэба давесці да ладу. «І тут праца спецыялістаў, рэстаўратараў перш за ўсё, а гэта грошы. Потым збор дакументаў, якія датычацца палякаў. Як ні дзіўна, вельмі шмат пішацца пра Беларускую народную рэспубліку, але пра тое, што існавала практычна рэспубліка на чале з Доўбар-Мусніцкім паўтара года, пра гэта ў нашай гісторыі ніхто не піша. Таму хацелася б сабраць гісторыю такую, якой яна была. І гэтым яна цікавая», — сказаў Юрый Журавовіч.

Мерапрыемствы, прысвечаныя 25-годдзю Магілёўскага аддзела і 20-годдзю Польскага дома ў Магілёве, прайшлі сёння ў Магілёўскім дзяржаўным музычным каледжы імя Рымскага-Корсакава.

БелаПАН