У ліпені ў Кракаве адбудуцца Сусветныя дні Моладзі



Каля трох тысяч маладых людзей з Беларусі плануюць наведаць Сусветныя дні Моладзі, што адбудуцца ў  Кракаве напрыканцы ліпеня. Пра гэта паведаміў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

mitrapalit-2

Па словах Мітрапаліта Менска-Магілёўскага, ён і сам мае намер прыняць удзел у Сусветных днях моладзі . “Кракаў з’яўляецца прыгожым горадам, горадам, дзе нарадзіўся і жыў доўгі час Ян Павел II. Думаю, што яшчэ больш зарэгіструецца беларускіх удзельнікаў, бо рэгістрацыя будзе працягвацца да чэрвеня,” – кажа арцыбіскуп .

– Гэта вельмі важна. Я ўспамінаю Дзень моладзі ў 1991 годзе, які адбываўся ў Кракаве, і як многа людзей тады прыйшло да веры. Я многіх пасля спаткаў і ў Маскве, калі працаваў у Расеі, і ў іншых расейскіх гарадах. І ў Беларусі таксама. Туды ехалі не толькі католікі, ехалі таксама праваслаўныя, ехалі магчыма і няверуючыя. Хтосьці тады прыйшоў да веры. І ўсе былі ўдзячныя, што паслухалі Папу, што змаглі ўмацаваць сваю веру. Спадзяюся, што і гэтае спатканне будзе вельмі плённым.

Сусветныя дні моладзі  ў Кракаве і Вялічцы пройдуць з 26 па 31 ліпеня пад дэвізам “Шчаслівыя міласэрныя, бо яны міласэрнасць спазнаюць” . Там чакаецца больш за 2 мільёны маладых людзей з усяго свету. Запланаваная і сустрэча з Папам Францішкам.

Для паездкі ў Польшчу  маладыя людзі з Беларусі атрымаюць бясплатныя візы.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара