Круглы стол па праблеме АЭС



Удзельнікі круглага стала ў Менску абмеркавалі праблемы на будоўлі атамнай электрастанцыі ў Астраўцы. За час будаўніцтва зафіксаваныя некалькі няштатных сітуацый, у тым ліку – падзенне корпуса рэактара, загінулі каля 10 рабочых,  – гаворыць прадстаўніца аб’яднання “Экадом” Таццяна Новікава.

– Рызыкі і грамадская прымальнасць гэтага праекта сёння з’яўляюцца занадта высокімі, занадта непрымальнымі для Беларусі. Калі гаварыць пра эканамічную абгрунтаванасць, то не будзе ніякага эканамічнага, сацыяльнага і энергетычнага развіцця ў прынцыпе, калі праект будзе запушчаны. Бо сёння гэта велізарныя даўгі з аднаго боку, а з іншага боку, тая інфраструктура, якая будзе патрэбная для функцыянавання АЭС, абыдзецца ў істотныя сродкі.

Падчас круглага стала была прынятая агульная рэзалюцыя, якую падпісалі прадстаўнікі і кандыдаты ў дэрутаты ад Беларускай партыі “Зялёныя”, грамадскага аб’яднання “Экадом”, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Рэспубліканскай партыі свабоды і прагрэса і Грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду”. Яны заклікалі таксама кандыдатаў у дэпутаты ад іншых палітычных партый далучыцца да рэзалюцыі і падняць праблему АЭС падчас сваёй перадвыбарчай агітацыі.

Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота belprauda.org