Круглы стол у гонар Святланы Алексіевіч



Круглы стол у гонар нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч зладзілі ў Шаркоўшчыне мясцовыя грамадскія актывісты разам з глыбоцкімі. Яны ўзгадалі біяграфію пісьменніцы, пазнаёмілі прысутных з яе творчасцю, зрабілі выставу кніг і абмеркавалі яе ролю ў беларускай літаратуры і грамадстве.

Як кажа грамадская актывістка з Шаркоўшчыны Ада Райчонак, зразумела, чаму беларускія ўлады так аднесліся да ўручэння Святлане Алексіевіч Нобелеўскай прэміі. Але крыўдна за тое, што некаторыя нават нашыя сябры не палічылі за гонар гэтую падзею.

– Мне ў фэйсбуку ўвесь час даводзіцца сварыцца нават са сваімі сябрамі, якія таксама супраць гэтай прэміі Святлане Алексіевіч. А я лічу, што гэта наш гонар.  Святлана Алексіевіч – гэта пісьменніца, якая звярнулася да тэмы маленькіх людзей у сваёй творчасці. Якую яе кнігу ні вазьмі – яна мае дачыненне да нашага цяперашняга часу.

У  канцы імпрэзы прысутныя абмяняліся кнігамі Святланы Алексіевіч, бо ў мясцовых бібліятэках іх амаль няма. Пашчасціла  толькі аднаму  актывісту: ён узяў адзіную кнігу, якая была ў бібліятэцы, – “У  вайны не жаночае аблічча”.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі