Ксёндз Ежы Ноцунь і яго ручны бусел



Ужо два гады ў вёсцы Барадзінічы, што ў Браслаўскім раёне, жыве ў ксяндза Ежы Ноцуня ручны бусел. Ён, як і яго гаспадар, спрыяе навядзенню парадку ў вёсцы, а таксама і ў душах людзей.

Па словах ксяндза Ежы Ноцуня, бусел надта не любіць дрэнных людзей, асабліва тых, хто ўжывае алкаголь і здольныя на крадзеж. Ён іх ад гэтага спрабуе адвучыць сваім метадам:

– Не любіць, калі нехта задумвае зло – ён б’е іх. Было такое, калі дзеці сыйшлі са школы, а ён іх назад – у школу. 

Як кажа ксёндз Ежы Ноцунь, бусел любіць мяса, не вельмі сябруе з хатнімі жывёламі і птушкамі і пачувае сябе каля плябаніі як гаспадар.

Людзям з ім весела ў вёсцы, ды і прыезджым таксама. А яшчэ ксёндз спадзяецца на тое, што калі яго Фама захоча стварыць сям’ю і звіць гняздо, то будзе гэта непадалёк ад яго хаты.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя