Куды знікла шахматная дошка Льва Сапегі?



У верасні 1929 года слонімскі краязнавец, археолаг і калекцыянер Язэп Стаброўскі са сваіх экспанатаў, якія шмат гадоў збіраў, адкрыў у Слоніме краязнаўчы музей. А потым гэты музей падараваў роднаму гораду. У музеі былі сотні каштоўных і старажытных экспанатаў. Сярод якіх знаходзілася і шахматная дошка з чорнага дрэва і слановай косці гетмана Льва Сапегі (XVI стагоддзе).

Шахматная дошка Льва Сапегі захоўвалася ў Слонімскім музеі і падчас вайны. Часопіс “Новы Шлях” (№ 19, 1943) у вялікім аглядным артыкуле пра музей паведамляў, што ў трэцяй зале музея былі этнаграфічныя і гістарычныя экспанаты. Сярод гістарычных экспанатаў знаходзіліся партрэт Льва Сапегі, “тут ляжалі яго аўтографы, шахматная дошка, віды яго палацаў у Дзярэчыне, Ражанай, а самае галоўнае – Статут Вялікага Княства Літоўскага, якога Сапега быў рэдактарам…”.

10 ліпеня 1944 года немцы пакінулі Слонім. Але разрабаваць музей немцы не паспелі, ды ім было не да музея. Тым больш, што Стаброўскі шмат каштоўных экспанатаў проста хаваў у розных месцах ад усіх акупантаў. Але дзіўна тое, што 30 верасня (праз тры месяцы, як Слонім ужо знаходзіўся пад савецкай уладай) 1944 года быў складзены акт у якім паведамлялася пра тое, што знікла на працягу чатырох гадоў нямецка-фашысцай акупацыі са Слонімскага музея. І першым пунктам пазначана, што са Слонімскага музея знікла шахматная дошка з дзвюх палавінак з чорнага дрэва і слановай косці гетмана Льва Сапегі (XVI стагоддзе). Але ж у 1943 годзе яна ў музеі была. Дык хто ж украў са Слонімскага музея шахматную дошку Льва Сапегі?..

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім