Кветкі ахвярам фашызму і сталінізму на Пятралевіцкай гары



Сябры Слонімскай суполкі БХД, а таксама прадстаўнікі іншых партый і грамадскіх арганізацый, 9 траўня наведалі Пятралевіцкую гару, што недалёка ад Слоніма, і ўсклалі кветкі і вянкі на магілы ахвярам фашызму і сталінізму.

У гады Другой сусветнай вайны жыхары Слонімшчыны сталі ахвярамі шматлікіх карных аперацый фашыстаў. На Пятралевіцкай гары былі расстраляныя некалькі дзесяткаў тысяч чалавек. Сярод іх — 21 тысяча габрэяў з розных куткоў Беларусі, а таксама з Варшаўскага гета. На Пятралевіцкай гары ў 1942 годзе між іншымі расстраляныя і слонімскі езуіт Адам Штарк, а таксама непакалянкі Марта Валеўская і Ева Нашэўская. Там знайшлі свой апошні прытулак і тысячы беларусаў. Найбольш з іх былі расстраляныя органамі НКУС у канцы 1939 года — напачатку 1940-х гадоў. Расстрэлы на Пятралевіцкай гары працягваліся і пасля Другой сусветнай вайны. І калі ахвярам вайны ў 1964 годзе быў пастаўлены 12-метровы абеліск, то пра ахвяры сталіншчыны, на абеліску  і магілах згадак няма, але гэтыя страшныя расстрэлы старэйшыя жыхары вёскі Пятралевічы і Слоніма памятаюць і сёння.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара