Лаўрэатам прэміі „За свабоду думкі” стаў Народны паэт Ніл Гілевіч



Народны паэт Ніл Гілевіч стаў уладальнікам прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Цырымонія ўручэння адбылася ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёна, на малой радзіме Васіля Быкава.

На ўрачыстасць з’ехалася больш за дзвесце чалавек з усёй Беларусі, сярод якіх шмат вядомых асобаў.

Прэмія заснаваная лідарам Руху “За Свабоду” Аляксандрам Мілінкевічам у 2008-м годзе. Ёй узнагароджваюцца асобы, якія праявілі сябе ў грамадскай і творчай дзейнасці на карысць Беларусі і Свабоды.

Як кажа Аляксандр Мілінкевіч, людзей заслужаных у нас многа, а ўзнагароджаных мала, таму важна, што ў гэтым годзе прэмію атрымаў Ніл Гілевіч:

– Часта бывае, што чалавек пры жыцці мала чуе добрых словаў. Ну так, ён вялікі, значны і ўсё такое, але ён сядзіць адзін, як Гілевіч. Ён даўно не выходзіць з дому, яму цяжка маральна. І калі яму сказалі пра гэтую прэмію, ён заплакаў. Проста ён казаў: “Не чакаў і для мяне не ведаеце, якая гэта асалода. Таму трэба паспець сказаць людзям вялікі дзякуй за такі лёс і за столькі працы, колькі ён зрабіў на карысць Беларусі.

На ўрачыстасці выступілі літаратары Анатоль Вярцінскі, Міхась Скобла, Андрэй Хадановіч і іншыя. А ўзнялі настрой усім прысутным музыкі Георгій Станкевіч, Таццяна Матафонава, Лявон Вольскі ды народны калектыў „Рада”.

Скончылася імпрэза сяброўскай бяседай у дворыку былой школы Быкава.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя