Леанід Судаленка чакае прабачэнняў ад „Мандарын Плаза”



Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка чакае прабачэнняў ад адміністрацыі гандлёвага цэнтра „Мандарын Плаза”. Ён накіраваў афіцыйны зварот да адміністрацыі гіпермаркета, у якім просіць правесці ацэнку службовай кампетэнцыі ахоўнікаў, якія перашкаджалі раздаваць незалежную газету „Народная Воля”, а таксама беспадстаўна выклікалі міліцыю. Леанід Судаленка перакананы, што служба аховы гіпермаркета абмежавала яго права на свабоду распаўсюду інфармацыі.

– Мы нікому не заміналі, мы не былі ў гандлёвай зале, а стаялі ў калідоры і раздавалі пакупнікам “Народную Волю”. Паспелі раздаць каля 1000 асобнікаў, калі з’явіўся ахоўнік, ён паклікаў адміністратара. Адміністратар пачаў нават чапаць мяне за вопратку, распускаць рукі. Ён спасылаўся на нейкія правілы. Я запатрабаваў, каб ён іх паказаў. Ён прынёс нейкія правілы, якія забараняюць праводзіць у гандлёвай зале маркетынгавыя даследаванні. Я кажу: “Вы розніцу паміж газетай “Народная Воля” і маркетынгавымі даследаваннямі ведаеце?”  

Міліцыянты, якія прыбылі на месца здарэння ў гіпермаркет „Мандарын Плаза”, складу правапарушэння ў дзеяннях праваабаронцаў не знайшлі. Леанід Судаленка і Анатоль Паплаўны займаліся распаўсюдам спецыяльнага выпуска газеты „Народная Воля” з дадаткам пра праблему смяротнага пакарання ў Беларусі. Цягам гэтага тыдня, паводле словаў праваабаронцаў, у Гомелі было раздадзена каля 5 тысячаў асобнікаў выдання.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота gomelspring.org