Леанід Судаленка: Дзеянні мытніка былі незаконнымі



На Леаніда Судаленку спрабавалі паўторна скласці пратакол пра адміністрацыйнае правапарушэнне. Прыгадаем, што ў канцы жніўня на цягніку „Вільня-Менск” на станцыі “Маладзечна” праваабаронцу знялі з цягніка і падверглі асабістаму дагляду.

sudalenka1

Цяпер спрабуюць абвінаваціць у тым, што ён не выканаў патрабаванняў мытнікаў. Леанід Судаленка даводзіць незаконнасць дзеянняў супрацоўнікаў мытні:

– Дзеянні гэтага мытніка былі незаконнымі, таму што я ні ў чым не падазраваўся, ні ў якім мытным правапарушэнні.  Мне не растлумачылі, чаму я павінен выйсці, не паведамілі, што я павінен аддаць, каб пазбегнуць асабістага дагляду. Я накіраваў адпаведныя пісьмовыя запыты, у тым ліку і на імя начальніка Менскай рэгіянальнай мытні. Прапаноўваю ім тут у Гомелі дачакацца адказаў, каб праверыць, законныя былі гэтыя патрабаванні, ці не.

Пакуль што складанне пратакола на Леаніда Судаленку перанесена на 14-га кастрычніка. Праваабаронцу не аднойчы падвяргалі на мяжы асабістаму дагляду.

Ён не выключае, што гэта своеасаблівая “помста” за тое, што раней ён падаў у Камітэт ААН па правах чалавека скаргу на дзеянні супрацоўнікаў Ашмянскай мытні.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя