Легендарная “Паходня” адзначыць 30-годдзе. Фотаальбом Мікалая Таранды



11-га сакавіка матэрыял, прысвечаны клубу „Паходня”, будзе гучаць на хвалях нашага радыё ў  перадачы „Мы бачым” у 19.30 па беларускім часе.

3llf-KmCyL8 (1)30 год спаўняецца гарадзенскаму гісторыка-культурніцкаму клубу аматараў роднага краю „Паходня”. Гэта першая нацыянальна-культурніцкая пляцоўка, якая паўстала ў Гародні ў часы Перабудовы. Большасць сучасных нацыянальна свядомых дзеячаў сярэдняга пакалення Гарадзеншчыны паходзяць менавіта з „Паходні”, мяркуе старшыня арганізацыі Мікола Таранда:

– Да нас прыходзілі людзі творчыя – мастакі, музыканты, літаратары, гісторыкі.  Яны былі грамадска актыўнымі і ўзначалілі самыя розныя арганізацыі, якія ўзніклі ў Гародні, сталі пісаць кнігі.  Хачу назваць такія імёны як Аркадзь Жукоўскі, Міхась Амялішка, Аляксандр Талерчык, Віктар Сазонаў.

Сярод сяброў „Паходні” былі акадэмік, член-карэспандэнт Акадэміі навук, больш за два дзясяткі дактароў навук.

Менавіта “Паходня” абудзіла грамадскую актыўнасць інтэлектуалаў, зрабіла іх неабыякавымі да лёсу сваёй краіны.

Узгадвае Аркадзь Жукоўскі:

– Пачаткам і новага жыцця, і новых знаёмых для мяне стаў прыход у “Паходню”. Узрост мой і Міхася Ткачова мала розніліся, і было вельмі прыемна займець сярод знаёмых такога чалавека. У ім было мноства прыцягальных рыс: ветлівасць, даступнасць у размовах і ані знаку снабізму. І тое, што “Паходня” стала сапраўднай школай патрыятызму, – ягоная асабістая заслуга. Там было шмат цікавых людзей, але такой асобы як Міхась Аляксандравіч назваць немагчыма.

Уладзімір Хільмановіч:

– Гэта быў вельмі сяброўскі асяродак, надзвычай прасветлены. Людзі былі ахоплены ідэяй беларускага нацыянальнага адраджэння, адраджэння свайго горада. У “Паходні” быў экалагічны кірунак, я памятаю, як праходзілі талакі па ачышчэнні старых могілкаў, па ўпарадкаванні ракі Гараднічанкі, якая тады была страшэнна засмечана. У “Паходні” была вельмі ўражлівая атмасфера  братэрства, адзінства і светлых беларускіх памкненняў, якіх, мабыць, сёння ў беларускіх культурніцкіх асяродках цяжка знайсці.

Клуб фактычна стаў гісторыяй, хоць афіцыйна ён працягвае існаваць.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

 

>>> Фотаальбом Мікалая Таранды 8 Сакавік 2016 <<<

 

https://www.youtube.com/watch?v=rcDnawsSYZ8