Лецішча Ніны Багінскай паўторна выстаўляецца на аўкцыён



Ён мае адбыцца ў Смалявічах 26 жніўня.

«Я атрымала ліст з аддзела прымусовага выканання Смалявіцкага раёна, у якім мне паведамляюць, што мая арыштаваная маёмасць (лецішча), якая не прададзена на аўкцыёне 17 жніўня, будзе пераацэнена 26 жніўня, — распавядае Ніна Багінская. – Аўкцыён адбудзецца ў 9 гадзін раніцы».

Нагадаем, аўкцыён па продажы канфіскаванага лецішча вядомай грамадскай актывісткі Ніны Багінскай, які мусіў прайсці 17 жніўня, не адбыўся. Не знайшлося ніводнага пакупніка.

«Не ведаю, як пройдзе аўкцыён на гэты раз, — кажа грамадская актывістка, чыё лецішча збіраюцца прадаць дзеля спагнання штрафаў. – І, нават калі знойдзецца пакупнік, паглядзім, як ён будзе вывозіць мае рэчы. Адстойваць правы на сваю маёмасць я буду да канца».

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя