“Ліцьвінізм”: субкультура ці нацыянальная ідэя?



Слова “ліцьвінізм” патыхае ўзнёслай рамантыкай і сярэднявечнымі таямніцамі, але ўжо ў самім гэтым слове закладзены пэўны канфлікт: а каго, уласна кажучы, можна называць ліцьвінамі?

литвины

Звычайна пасля такога пытання і пачынаюцца спрэчкі. Нехта лічыць, што такім словам правільна называць цяперашніх беларусаў. Нехта – што гэта гістарычнае азначэнне ўсіх спадкаемцаў Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Але для некага ліцьвінізм – гэта і жаданне мадэрнізаваць сваю нацыянальную свядомасць у адпаведнасці з гістарычнай спадчынай, і нават філасоўска-палітычная плынь.

З Алесем Капуцкім, які ўваходзіць у “Краёвае згуртаванне ліцьвінаў”, гутарыць наш карэспандэнт Марцін Война:

Алесь Капуцкі: Для мяні ліцьвіны – гэта назва нашага народу…

РР: Але ж ёсць  казённы беларускі патрыятызм – як і мае быць, рускамоўны… Усім грамадзянам Рэспублікі Беларусь вядома, што “Мы – беларусы, з братняю Руссю…”. І тоё-сёй можа спытацца: “а што тут яшчэ за ліцьвіны, адкуль яны ўзяліся і хто іх выдумаў?”

Алесь Капуцкі: Па-першае, ліцьвінаў “не выдумалі”. І яны “не ўзяліся”, яны былі спрадвеку. Проста быў такі перыяд, калі ўсё, што тычыцца гэтага слова, было вычышчана, маю на ўвазе ліцьвінскае, а таму  народ забыўся на гэта. Потым яшчэ і бальшавікі папрацавалі… Але ж памяць у народзе засталася. І сёння гэтая памяць адраджаецца.

РР: І ў чым гэтае адраджэнне палягае? Толькі ў назве?

Алесь Капуцкі: Чаму толькі ў назве? У першую чаргу – у гісторыі, у традыцыях, у памяці. У гістарычнай праўдзе…Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага і ёсць гісторыяй ліцьвінаў.

РР: А ліцьвіны – гэта хто? Этнас, ці спаткаемцы традыцый ВКЛ, ці нашчадкі людзей, якія жылі ў ВКЛ, ці яшчэ нешта?

Алесь Капуцкі: Гэта ўжо хто як разумее… Але ж мы не лічым гэтае слова этнонімам, гэта ўсё ж такі палітонім. У той жа Францыі , напрыклад, ёсць народы, якія адрозніваюцца ад асноўнага этнасу, але пры гэтым усё адно кажуць, што “мы – французы!” Так і ўсе людзі, якія жывуць на тэрыторыі Вялікага Княства, мае права саманазывацца “ліцьвінамі”.

РР: У тым ліку, напрыклад, і ўкраінцы?

Алесь Капуцкі: Усё ж Украіна была далучаная да Вялікага Княства Літоўскага. Потым тыя землі адыйшлі да Кароны, то бок да Польшчы… Украінцы – усё ж “русіны”, то бок прадстаўнікі той часткі, якая складала адну з частак Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Калі гаворка пра “рускі” складнік – то гэта менавіта пра ўкраінцаў…

РР: Калі вы паглядзіце сеціўныя рэсурсы, прысвечаныя той жа Вільні, то напэўна сутыкнёцеся з такім меркаваннем літоўцаў: “Ніякія вы не ліцьвіны, а беларусы. Нашы нацыянальныя героі – Вітаўтас, Гедэмінас, Скрынас, Дамейкас і Калінаўскас. А вашыя, беларуская гісторыя  – гэта Сталін, Брэжэнеў, Пуцін і Лукашэнка!..”

Алесь Капуцкі: А што іх каментаваць? Яны ідуць фактычна ў рэчышчы імперскай расейскай гісторыі, якая і зрабіла жмудзінаў літоўцамі. Гэты ж міф падхапілі і польскія гісторыкі, якія беспадстаўна называюць спадкаемца жмудзінаў “ліцьвінамі”.

РР: Але ж у сучаснай нам Беларусі людзі, якія лічаць сваёй роднай беларускую мову, вызнаюць сваімі сімваламі “Пагоню” і бел-чырвона-белы сцяг, самаідэнтыфікуюцца менавіта, як беларусы…. І яны не становяцца ад гэтага меншымі патрыётамі свайго Краю, чым, напрыклад, прыхільнікі ліцьвінізму.

Алесь Капуцкі: Гэта праблема ўсёй нашай нацыі. Тое, што людзі трымаюцца таго, што нам накінулі ў свой час. І мы не пазбавімся нашых праблемаў, пакуль не павярнем тое, што было насамрэч, тое, што было Вялікай Літвою, а не Беларуссю. Калі ласка, падыміце мапы да трох падзелаў Рэчы Паспалітай, нават ХVIII стагоддзе. На тых мапах тэрыторыя Масковіі пазначаецца як Rússia Blanca. Нам гэтую назву накінулі, а нашыя адраджэнцы ў свой час ухапіліся за яе…

РР: Маеце на ўвазе Францішка Багушэвіча?

Алесь Капуцкі: Ад Багушэвіча і далей…

РР: Але ж тапонім “Літва” тады быў фактычна пад забаронай!

Алесь Капуцкі: Але ж у памяці ўсё адно заставалася, што мы ліцьвіны і што край наш – Літва. Дарэчы, на той жа Чарнігаўшчыне і пацяпер беларусаў іншым разам называюць “ліцьвінамі”! Гэта была вялікая памылка, на мой погляд, што апранулі чужы жупан і сталі называцца чужым імём… Вы ж паглядзіце на ўсе гэтыя прарасейскія сілы ў Беларусі. Як яны саманазываюцца? Грамадскае аб’яднанне “Белая Русь”! І яны ўсяляк гэта культывуюць. Бо гэтыя словы нясе ў сабе код “расейскасці”.

РР: Кшталту “Наваросіі”?

Алесь Капуцкі: Так. Уявіце, каб украінцы пакінулі за сабой назву “Маларосія”…

РР: За слова “маларос” цяпер ва Ўкраіне можна запраста атрымаць у пысу…

Алесь Капуцкі: Калі-небудзь і за слова “беларус” можна будзе атрымаць у пысу. Але гэта, напэўна, далёкая перспектыва. Галоўнае, каб самі ліцьвіны адчулі, што яны – ліцьвіны.

Першы ўстаноўчы з’езд “Краёвага згуртавання ліцьвінаў” адбыўся ў Менску 4 жніўня 2014 года. Сярод задэкляраваных мэтаў – “выхаванне і адраджэнне нацыянальна-культурнай самасвядомасці ліцьвінаў Беларусі – спадкаемцаў палітычнага народа Вялікага Княства Літоўскага”.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя