Лявон Баршчэўскі: Хутка на стадыёнах застанецца толькі міліцыя



«Затрымліваць людзей за Пагоню –поўнае глупства, — кажа грамадскі дзеяч Лявон Баршчэўскі.

Учора на матчы адборачнага турніру чэмпіянату Еўропы па футболе Беларусь — Македонія міліцыя затрымала некалькі заўзятараў за шалікі з Пагоняй. У знак пратэсту фанаты сектара Б-12 пакінулі стадыён.

 Лявон Баршчэўскі: Калі хто не ведае, то Пагоня — афіцыйна прызнана нацыянальна-культурнай каштоўнасцю. Кожны чалавек сам мае права, што яму апранаць, ці насіць. Таму, міліцыянты адназначна перавысілі свае паўнамоцтвы. Так бы мовіць, перастрахаваліся.

РР: Чаму такое стаўленне да гэтай сімволікі, якую чамусьці называюць незарэгістраванай?

Рэч у тым, што гэтых маладых людзей, якія сёння ў форме, пачынаючы з 1995 году вучылі «правільна» рэагаваць на тое, што ёсць быццам бы варожае. Пагоня і бел-чырвона-белы сцяг – у гэтым спісе. Думаеце, гэтыя міліцыянты ведаюць гісторыю? Разбіраюцца, што там дазволена ці недазволена? Яны робяць усё па інерцыі – як іх вучылі. Задумваюцца там у апошнюю чаргу.

РР: Што ў такіх выпадках рабіць заўзятарам?

Няхай абскарджваюць свае затрыманні ды звяртаюцца да праваабаронцаў.

РР: Кажуць, што на спартыўных спаборніцтвах не павінна прысутнічаць палітыка…

А што, чалавеку, які думае інакш, чым той жа міліцыянер, уваход на стадыён забаронены? Няма тут ніякай палітыкі, тым больш, калі Пагоня афіцыйна прызнана. І бел-чырвона-белы сцяг гістарычны. Зрэшты, тут нават і каментаваць няма чаго. З такімі адносінамі міліцыі да заўзятараў футбалісты ў хуткім часе будуць бачыць на трыбунах толькі людзей у міліцэйскай форме.

Гутарыў Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя