Любоў Кавалёва: Зло спараджае зло



Любоў Кавалёва – маці расстралянага за тэракт у сталічным метро Уладзіслава Кавалёва – распавяла, чаму беларускія ўлады не хочуць уводзіць адмену смяротнага пакарання.

f3b0ed648

Савет Еўропы і Еўрасаюз у чарговы раз “настойліва заклікалі” афіцыйны Менск увесці мараторый на смяротнае пакаранне. Ці адгукнуцца ўлады на гэты заклік?

Любоў Кавалёва: Я наогул хацела б, каб улады прыйшлі да поўнай адмены смяротнага пакарання. Хаця на першапачатковым этапе, безумоўна, можна было б задаволіцца і мараторыем. Як можна жыцці людзей сёння давяраць беларускім судам, якія зробяць усё, што ім скажуць? Ці ёсць на сто адсоткаў гарантыя ад судовых памылак? У справе майго сына засталося столькі пытанняў, але ж адказаў на іх так і не дачакаліся. Чалавека паставілі да сценкі – і пытанняў у іх больш няма. Няма чалавека – няма праблемы.

РР: Тым не менш, у грамадстве многія падтрымліваюць вышэйшую меру пакарання. Але ці становіцца ад гэтага менш цяжкіх злачынстваў? Відаць, што не…

Любоў Кавалёва: Безумоўна, смяротнае пакаранне не аказвае ўплыву на колькасць такіх злачынстваў. Наадварот – зло параджае зло. Акрамя таго, многія людзі наогул не ведаюць, што ў краіне існуе такая норма, як смяротнае пакаранне. Я і сама не ведала, пакуль гора не прыйшло ў наш дом. Але вы паглядзіце, колькі ў Беларусі вынесена прысудаў, па якіх у турмы адпраўлялі невінаватых. Чалавек, напрыклад, праз чатыры гады даказваў сваю невінаватасць, і яго выпускалі на волю. А калі чалавека расстраляць, то яго невінаватасць ужо ніхто даказваць і не падумае. Таму мараторый на смяротнае пакаранне – гэта шанц для людзей рэабілітавацца, калі яны невінаватыя.

РР: Чаму, на ваш погляд, улады не хочуць адмяняць вышэйшую меру?

Любоў Кавалёва: Думаю, з-за палітычных чыннікаў, бо гэтае пытанне заўсёды можна выставіць на гандаль. Можа быць, час яшчэ не падаспеў, на горшыя часы пакідаюць. Бо, каб была воля, то даўно ўжо б адмянілі смяротнае пакаранне, і ў народа нават не пыталіся б.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя