Людзі ахвяруюць грошы на канал Агінскага



Летась 15 снежня ў Гарадзенскім аблвыканкаме было зарэгістравана не камерцыйнае грамадскае аб’яднанне “СлонімКаналАгінскага”.

Мэта аб’яднання – аказанне дапамогі ў рэканструкцыі, добраўпарадкаванні і зберажэнні канала Агінскага і яго набярэжнай у межах горада Слоніма. А таксама – адраджаць культуру, гісторыю і традыцыі Слонімшчыны.

Сябрамі ГА “СлонімКаналАгінскага” могуць з’яўляцца грамадзяне, якія дасягнулі 16-гадовага ўзросту і жывуць на тэрыторыі Беларусі ці ў іншых краінах свету. Сёння гэта грамадскае аб’яднанне ўжо налічвае каля 40 чалавек.

ГА “СлонімКаналАгінскага” ужо мае свой фінансавы рахунак, куды могуць людзі і фірмы, арганізацыі і прадпрыемствы пералічваць грошы на зберажэнне і добраўпарадкаванне канала Агінскага: ААТ “Белаграпрамбанк, дабрачынны рахунак № 3135456520011 у разлікова-касавым цэнтры №27 г.Слоніма, код МФО 152101457  УНП 590375147.

Акрамя добраўпарадкаваннне самога канала Агінскага, сябры ГА плануюць і ўжо праводзяць розныя мерапрыемствы, звязаныя з культурай, краязнаўствам і гісторыяй, наладжваюць сувязі з рознымі партнёрамі, арганізоўваюць валанцёрскую працу, творчыя сустрэчы.

На рахунак ГА “СлонімКаналАгінскага” ужо паступілі першыя ахваляванні. 300 беларускіх рублёў пералічыў былы слонімец, а цяпер жыхар Ізраіля Міхаіл Белкін, былая настаўніца гісторыі Алена Лябецкая ахвяравала са сваёй пенсіі 30 рублёў, сям’я Жолудзяў са Слоніма пералічыла 40 рублёў, былы дырэктар слонімскай гандлёвай фірмы “Світанак” Васіль Духоўнік – 50 рублёў, пенсіянеркі Марыя Сяргеева і Галіна Сазонкіна са Слоніма – па 20 рублёў і г.д.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім