Мадэрнізм у сакральным дойлідстве



У Гародні ў актавай залі Свята-Пакроўскага Сабора адкрылася выстава трыццаці праектаў Ежы  Усціновіча – прафесара Беластоцкай палітэхнікі.

https://www.youtube.com/watch?v=oWUb8igAmCM&feature=youtu.be

Гэта вядомы не толькі на Падляшшы, але і ва ўсёй Польшчы архітэктар сакральных будоўляў. Ён па-сучаснаму пераасэнсоўвае візантыйскую традыцыю ў дойлідстве. Для Гародні прафесар Ежы Усціновіч прапанаваў два праекты для будучых праваслаўных храмаў у дзяльніцах „Альшанка” і „Дзевятоўка”. Прычым гэтыя  праекты дармовыя.

– Я заўсёды праектую ў якасці ахвяравання. Пытанне дару ці аплаты не мае значэння ў маёй дзейнасці. Лічу, што чалавек, які атрымаў Божы дар – сядзіць і працуе над праектам, стараецца яго развіваць, а пазней рэалізуе яго, – мусіць усё гэта рабіць у выглядзе ахвяравання. Так я і стараюся рабіць у сваім жыцці.

Ежы Усціновіч згадаў, што першы храм, які ён спраектаваў, – гэта  Уваскрасенская царква ў Беластоку. Цяпер на рахунку архітэктара больш за два дзясяткі храмаў, якія ўвасобленыя ў камені і дзейнічаюць для вернікаў.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота  і відэа аўтара