Максім Буйніцкі: Вяду грамадска-палітычную працу з затрыманымі ў ІЧУ



Кінарэжысёр і грамадскі актывіст з Бабруйска Максім Буйніцкі быў асуджаны на 15 сутак па двум артыкулам адміністратыўнага кодэкса – 17.1. парушэнне парадку ў грамадскім месцы, быццам ён крычаў і махаў рукамі, а таксама 23.34 за арганізацю і ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве „Маршы недармаедаў”, што праходзіў 26 лютага і 12 сакавіка ў Бабруйску.

Галоўны доказ абвінавачвання – афіша, якую змясціў актывіст на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

Кажа Максім Буйніцкі :

” У нядзелю я напісаў афіцыйна заяву на галадоўку, знаходзячыся ў ізалятары часовага ўтрымання. Але практычна я галадаю з моманту затрымання. Такім чынам я пратэстую супраць незаконнага затрымання. Калі мяне другі раз вярнулі ў ІЧУ давялося наноў пісаць заяву. На гэты раз супраць незаконнага абвіначвання. Цяпер вяду грамадска-палітычную працу сярод затрыманых у ізалятары. Такім чынам бачу, што многія людзі падтрымліваюць маю пазіцыю супрацьстаяння ўладзе. Нават не зусім паліткарэктна выказваюцца супраць дзеячаў улады. Шкада, што адбываюцца гэтыя рэпрэсіі. Але паступова ўсе разумеюць неабходнасць аб’яднання, грамадскага дыялогу. Таму мне не шкада, што я за кратамі. Спыняцца на гэтым не збіраюся”.

„Адзін з супрацоўнікаў міліцыю сказаў, што глядзеў усе мае фільмы. Я быў крануты гэтым. Думаю зараз як скарыстаць гэты досвед і распавесці пра тое, што насамрэч адбываецца ў нашай краіне. Вырашыць тэму кінематаграфічнымі сродкамі”, – дадае Максім Буйніцкі.

Пасля затрымання дома ў актывіста прайшоў вобшук. Да маці рэжысёра прыйшло сем чалавек, якія ў выніку канфіскавалі два ноўтбукі, флэшку і брашуры маладога фронта, яшчэ з юнацтва Максіма, а таксама некалькі кніг.  Максім Буйніцкі быў затрыманы ў ноч з 10 на 11 сакавіка. Увесь час ён трымае галадоўку. Зараз у бабруйскім ІЧУ знаходзяцца таксама Максім Лубінскі, асуджаны на 5 сутак і Яўген Васьковіч, якому далі 15 сутак арышту.

На фота: Максім Буйніцкі разам з маці каля будынка бабруйскага суда.

Алена Вільтоўская. Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара